У аўторак у другой палове дня ў беларускай сталіцы прайшоў моцны дождж, некаторыя вуліцы затапіла.
У выніку стварыліся праблемы для кіроўцаў і пешаходаў. З 18:19 на вуліцы Арлоўскай каля Смаргоўскага тракту ў напрамку праспекта Пушкіна з-за залевы спыняліся тралейбусы на маршрутах № 33, 38 і 55.
Аўтобусы, тралейбусы і трамваі спыняліся на вуліцах Свярдлова, Ульянаўскай і Нямізе, на Партызанскім праспекце, вуліцы Даўгабродскай.
Таксама традыцыйна былі праблемы ў цэнтры горада, на рагу Рэвалюцыйнай і Інтэрнацыянальнай. Людзі не маглі выйсці з працы. Найгоршая сітуацыя была ў раёне вуліцы Няміга, у гістарычным цэнтры горада. Многія будынкі былі затопленыя. МНС заклікала мінчукоў заставацца дома.
Апошні раз Мінск затапіла пасля навальніцы 18 ліпеня. Тады, як і цяпер, гарадскія ўлады не папярэджвалі насельніцтва аб непагадзі і набліжэнні небяспекі.
ПР/юл