Аляксандр Лукашэнка памілаваў 30 асоб, асуджаных за «злачынствы пратэставай накіраванасці», падпісаўшы ўказ № 343 «Аб памілаванні асуджаных», паведамляе «Свабода» са спасылкай на дзяржаўнае агенцтва БелТА.
«Гэтае рашэнне — гуманны жэст у адносінах да гэтых людзей. Яны атрымалі шанец вярнуцца да нармальнага жыцця, да сям’і і працы», - паведамілі ў прэс-службе дыктатара.
Сярод памілаваных 7 жанчын і 23 мужчыны. Большасць асуджаных з’яўляюцца бацькамі непаўналетніх і малалетніх дзяцей.
Усе прадстаўленыя да памілавання асобы вывучаліся камісіяй пад кіраўніцтвам генеральнага пракурора Андрэя Шведа.
«Усімі гэтымі асобамі выкананыя абавязковыя ўмовы памілавання — яны падалі хадайніцтва аб памілаванні, прызналі віну, шчыра раскаяліся і далі абяцанне весці правапаслухмяны лад жыцця», — адзначылі ў прэс-службе Лукашэнкі.
Там паведамілі, што кантроль за паводзінамі вызваленых забяспечыць МУС.
Беларускія дэмакратычныя сілы склалі «гуманітарны спіс» палітвязняў, якія павінны быць неадкладна вызваленыя. Туды ўвайшло 16 чалавек з абмежаванымі магчымасцямі, 91 з цяжкімі захворваннямі, 65 пенсіянераў, 10 чалавек з псіхічнымі расстройствамі, 23 непаўналетнія, а таксама не менш за пяць сем’яў, у якіх у месцах пазбаўлення волі знаходзяцца абодва бацькі.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, цяпер палітвязнямі ў Беларусі прызнаны 1 371 чалавек.
аз