Беларуская Служба

Муж палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк паведамляе пра рэзкае пагаршэнне стану здароўя жонкі

04.09.2024 15:02
«Паліну трэба ратаваць! Яе жыццё сапраўды ў небяспецы!», - паведамляе муж Андрэй Шарэнда.
 -
Паліна Шарэнда-Панасюкфота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Муж Паліны Шрэнды-Панасюк паведамляе аб рэзкім пагаршэнні стану здароўя палітзняволенай, якая пакутуе ад рэзкіх боляў збоку жывата, якія аддаюць у спіне. Паводле Андрэя Шарэнды, патрэбную медыцынскую дапамогу Паліне не аказваюць, даюць толькі абязбольваючыя.

«Мы дагэтуль не ведаем нічога аб стане здароўя Паліны. Нам вядомы толькі яе дыягназ - хранічны панкрэатыт. Гэта вельмі цяжкая хвароба, якая патрабуе строгай дыеты і сталага кантролю лекараў. Ва ўмовах, якіх утрымліваюць Паліну, гэта проста адтэрмінаваны смяротны прысуд», - напісаў у Facebook Андрэй Шарэнда.

Мужчына таксама паведаміў, што Паліну этапавалі з гомельскага СІЗА-3 у ІЧУ горада Рэчыцы для правядзення «следчых дзеянняў». Значыцца, што ў бліжэйшыя некалькі тыдняў, альбо нават месяцаў да суду, Паліна будзе ўтрымлівацца там.

«Умовы ў рэчыцкім ІЧУ нават горшыя за камеры СІЗА ў калоніі. Там не выдаюць матрацаў, у камерах адсутнічаюць прыбіральня, і вельмі шмат клапоў. Спаць прыходзіцца на падлозе», - кажа муж.



Ён нагадвае, што ў мінулым годзе Паліну таксама трымалі там некалькі тыдняў. Пратэстуючы супраць жудасных умоў утрымання, Паліна тады аб'яўляла галадоўку. Лукашысты былі вымушаныя пайсці на саступкі і вярнулі тады Паліну ў гомельскае СІЗА-3 да суду.

Паводле мужчыны, этап у рэчыцкае ІЧУ не мае ніякага сэнсу, акрамя таго каб зняважыць і знясіліць Паліну, падарваць і да таго слабое здароўе.

Паліна Шарэнда-Панасюк павінна была выйсці на волю ўжо 2,5 года таму. За час зняволення яна правяла ў жахлівых умовах штрафнога ізалятара і карцара больш 350 дзён. Яе перакідвалі шматдзённымі этапамі больш дваццаці разоў. І зараз палітзняволена чакае чацвёртага суда.

Менавіта за кратамі ў Паліны з'явілася невылечнае цяжкое захворванне - панкрэатыт сярэдняй цяжкасці.

«Паліну трэба ратаваць! Яе жыццё сапраўды ў небяспецы. Таму прашу сродкі масавай інфармацыі, праваабарончыя арганізацыі аб распаўсюджванні інфармацыі і патрабаванні вызвалення Паліны для аказання ёй патрэбнай медычнай дапамогі», - заклікаў муж палітзняволенай.

аз

Стаў вядомы дыягназ Паліны Шарэнды-Панасюк

18.07.2024 13:00
Сваякі палітзняволенай даведаліся пра яе хваробу.