Мінск і Бішкек вядуць перамовы аб перадачы Кыргызстану экс-прэзідэнта Курманбека Бакіева, які атрымаў прытулак у Беларусі - піша Хартыя'97 са спасылкай на заяву агенцтву «Кабар» прэзідэнта краіны Садыра Жапарава. Ён пракаментаваў сітуацыю з былым прэзідэнтам Курманбекам Бакіевым пасля таго, як з’явіліся чуткі, што ягоны сын, прысуджаны ў краіне да пажыццёвага зняволення, прылятаў у Кыргызстан.
«Што да Курманбека Бакіева, па ім вядуцца перамовы. Нам кажуць: „Калі не пасадзіце, дык гатовыя яго перадаць“. Аналагічная сітуацыя і з Сапарам Ісакавым — „Калі не пасадзіце, гатовы перадаць хоць сёння“. Мы думаем над гэтым. З аднаго боку, ці можна пагадзіцца, прывезці іх і дапытаць па справе ЦЭЦ, па справе музея? Няхай раскажуць, хто і колькі грошай атрымаў. А вяртанне скрадзеных сродкаў у бюджэт — гэта ўжо задача сілавых структур. Бо мільярды выкрадзеных сродкаў мы менавіта такімі шляхамі і вярнулі», — распавёў Жапараў.
Паводле яго слоў, народ Кыргызстана ўжо 15 гадоў патрабуе: «Чаму не можаце даставіць іх з той жа Масквы ці Мінска? ».
«Тыя, хто распаўсюджвае ілжывую інфармацыю, верагодна, пачулі пра гэтыя перамовы. Вось і вырашылі раздзьмуць чутку пра Максіма Бакіева. Як было б добра, каб ён сапраўды прыехаў! Мы б яго пасадзілі, а мільярды вярнуліся б у бюджэт», — дадаў прэзідэнт Кыргызстана.
Курманбек Бакіеў вымушана пакінуў сваю пасаду пасля рэвалюцыі ў красавіку 2010 года (падставай для паўстання сталі цяжкае эканамічнае становішча насельніцтва, карупцыя і кланавасць улады ў Кыргызстане). Па запрашэнні Аляксандра Лукашэнкі ён уцёк у Беларусь, да гэтага часу знаходзіцца ў міжнародным вышуку.
нг