Беларуская Служба

Лукашэнка пераконвае, што стасункі са Святым Пасадам дасягнуць «новага ўзроўню» пасля адкрыцця пры ім амбасады Беларусі

13.03.2025 12:45
Рэжым Лукашэнкі спрабуе прадэманстраваць нармалізацыю стасункаў, як з касцёлам у Беларусі, так і з сусветным каталіцызмам у цэлым.
C  ,
Cабор Святога Пятра, ВатыканАўтар: Джакама Дэла Порта - Wolfgang Stuck (Уласная праца), верасень 2004, Грамадскі набытак, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=70472

Супраца Мінска і Ватыкана паспяхова развіваецца, такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 13 сакавіка папу рымскага Францішка з 12-й гадавінай пантыфіката, паведамляе «Позірк».

На яго думку, з адкрыццём у 2025 годзе амбасады Беларусі пры Святым Пасадзе гэтыя стасункі дасягнуць «якасна новага ўзроўню». У Беларусі, лічыць віншавальнік, адчуваюць асабісты клопат пантыфіка «пра дабрабыт вернікаў і адзінства» беларускага грамадства.

Лукашэнка пажадаў 88-гадоваму Папу Францішку, які з 14 лютага знаходзіцца ў шпіталі ў цяжкім стане, «здароўя, даўгалецця і Божай ласкі на карысць высокай місіі».

Нагадваем, у снежні 2024 года Савет міністраў пастанавіў адкрыць амбасаду Беларусі пры Святым Пасадзе да 1 верасня 2025-га.

Дыпламатычныя стасункі паміж беларускай дзяржавай і суверэнным каталіцкім суб’ектам усталяваныя 11 лістапада 1992 года. З таго ж года ў Беларусі дзейнічае дыпламатычнае прадстаўніцтва Святога Пасада — апостальская нунцыятура (у верасні 2024 года пост нунцыя пакінуў арцыбіскуп Антэ Ёзіч, новы пакуль не прызначаны).

Інтарэсы Мінска ў Ватыкане ўвесь гэты час прадстаўлялі па сумяшчальніцтве дыпламаты, акрэдытаваныя ў іншых еўрапейскіх краінах або міждзяржаўных структурах.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года стасункі дзяржавы і касцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі ўслед за масавымі пратэстамі супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання на карысць Лукашэнкі.

Ад пачатку восені 2020 года да 7 сакавіка 2025-га, паводле дадзяных ініцыятывы «Хрысціянская візія», з рэпрэсіямі ў той ці іншай форме сутыкнулася больш за 30 прадстаўнікоў Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі, 5 - Беларускай грэка-каталіцкай царквы.

Між тым, рэжым Лукашэнкі несупынна спрабуе прадэманстраваць нармалізацыю стасункаў, як з касцёлам у Беларусі, так і з сусветным каталіцызмам у цэлым.

аз

Сітуацыя католікаў у Беларусі пагаршаецца, Папа Рымскі маўчыць, а Лукашэнка лічыць адносіны з Ватыканам узорнымі

05.02.2025 12:27
Паводле арганізацыі «Дапамога Касцёлу ў патрэбе», толькі ў Нікарагуа больш святароў падвяргаюцца пераследам і арыштам па палітычных матывах.