Беларуская Служба

Беларускія ІТ-кампаніі ў Літве працягваюць скарачаць штат. Wargaming — на першым месцы

22.04.2025 15:17
З топ-10 найбуйнейшых ІТ-кампаній з беларускімі каранямі ў Літве толькі ў двух колькасць супрацоўнікаў павялічылася з пачатку году.
Праца ў офісеFree-Photos/pixabay.com/CC0 Public Domain

З пачатку 2025 года літоўскія офісы страцілі сумарна больш за 100 спецыялістаў, вынікае са статыстыкі сервісу rekvizitai.vz.lt. Пра гэта піша выданьне Dev.by. 

На пачатак года ў больш чым 20 вядомых ІТ-кампаніях з беларускімі каранямі было агулам зарэгістравана больш за 3 тыс. 400 супрацоўнікаў, цяпер іх менш за 3 тыс. 300 чалавек. 

Больш за ўсё спецыялістаў са студзеня гэтага году страцілі ІТ-кампаніі, якія займаюцца распрацоўкай гульняў. У прыватнасці, толькі з віленскага офісу Wargaming сёлета сышлі 34 супрацоўнікі (са студзеня па красавік іх колькасць скарацілася з 835 да 801). 

Пры захаванні такіх тэмпаў адтоку (каля 10 супрацоўнікаў за месяц) да канца года літоўская каманда можа скараціцца да 700 спецыялістаў, адзначае выданне. У той жа час кампанія працягвае наймаць людзей: на сайце Wargaming ёсць 16 вакансій для працы ў Літве з указаннем заробкаў: яны ў залежнасці ад пазіцыі вагаюцца ад 2 тыс. 500 да 7 тыс. еўра. 

З кампаніі МА таксама сышлі 34 чалавекі: у пачатку года ў фірме працавала амаль 194 чалавекі, актуальна — 160. 

У топ-3 па колькасці звольненых супрацоўнікаў у Літве з пачатку 2025 года знаходзіцца таксама EPAM. За мінулы год літоўскі офіс скараціўся амаль на 180 чалавек. Цяпер у двух філіялах у Вільні і Каўнасе зарэгістравана каля 1 тыс. 200 супрацоўнікаў. 

З топ-10 найбуйнейшых ІТ-кампаній з беларускімі каранямі ў Літве толькі ў двух колькасць супрацоўнікаў павялічылася з пачатку года: у літоўскім офісе Gurtam працаўладкаванне павялічылася з 218 да 225 чалавек, у кампаніі Godel — з 90 да 99.

вс