Беларуская Служба

Жыхарам Гомельскай вобласці, прызнаным «дармаедамі», сталі прыходзіць лісты з міліцыі

06.05.2025 16:48
Вядома, што апавяшчэнні ад міліцыі атрымалі і людзі, якія ўжо пяць і больш гадоў працуюць за мяжой і не жывуць у Беларусі.
 :    .
Ілюстрацыйны здымак: выхаваўчая гутарка з беспрацоўным. Фота: «Калінкавіцкія навіны»

«Незанятым у эканоміцы» жыхарам Гомельскай вобласці сталі прыходзіць лісты з міліцыі, пра гэта піша выданне «Флагшток».

Як адзначае «Флагшток», лісты з міліцыі больш падобныя да позваў. У адным з «апавяшчэнні аб яўцы», перададзеным журналістам, пазначана ва ўльтыматыўным тоне, што атрымальніку неабходна з'явіцца ў мясцовы РАУС «для вырашэння пытання працаўладкавання».

Раней «дармаедам» такія лісты не прыходзілі, яны атрымлівалі толькі паведамленні з прапановай дапамогі ў працаўладкаванні.

Вядома, што апавяшчэнні ад міліцыі атрымалі і людзі, якія ўжо пяць і больш гадоў працуюць за мяжой і не жывуць у Беларусі.

Як піша «Флагшток», у апавяшчэнні сказана, што міліцыя рассылае лісты ў мэтах «забеспячэння захавання канстытуцыйнага абавязку грамадзян аб удзеле ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў шляхам выплаты падаткаў». Аднак у Канстытуцыі Беларусі аб гэтым нічога не напісана. Існуе права на працу, але не абавязак.

Раней Флагшток паведамляў, што ў Гомельскай вобласці сталі праводзіць прымусовыя «кірмашы вакансій» на базе аддзелаў міліцыі.

вх