Ініцыятыва «Хайсы» апублікавала фатаграфіі з урочышча пад Віцебскам, дзе ў 1937–1941 гадах адбываліся масавыя расстрэлы ахвяраў сталінскага тэрору. На здымках — асабістыя рэчы, знойдзеныя на месцы трагедыі: сцызорыкі, манеты, посуд, акуляры. Некаторыя з акуляраў выглядаюць як прафесійныя — магчыма, людзей арыштоўвалі проста на працоўным месцы.
Фота: Ян Дзяржаўцаў, ініцыятыва «Хайсы - віцебскія Курапаты»
«Хто яны былі? Адкуль? Як НКВД дазваляла праносіць такое пры сабе?» — задаецца пытаннямі стваральнік ініцыятывы Ян Дзяржаўцаў.
Фота: Ян Дзяржаўцаў, ініцыятыва «Хайсы - віцебскія Курапаты»
Ініцыятыва заклікае ўсіх неабыякавых далучацца да дыскусіі, дзяліцца сваімі думкамі, гіпотэзамі і прапановамі. Магчыма, гэта дапаможа аднавіць лёсы забытых людзей і даць ім імёны.
Фота: Ян Дзяржаўцаў, ініцыятыва «Хайсы - віцебскія Курапаты»
«Хайсы – віцебскія Курапаты» – грамадская ініцыятыва, якая займаецца ўшанаваннем памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій на Віцебшчыне. Ініцыятыва была створана ў 2015 годзе – неўзабаве пасля таго, як у лесе паміж вёскамі Хайсы і Дрыколле, за 15 км ад Віцебска, былі знойдзены чалавечыя парэшткі.
Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск