Беларуская Служба

Літоўскі палітык прыехаў у Беларусь і заявіў, што ў Літве «няма легітымна абранага прэзідэнта»

13.05.2025 14:52
У Літве няма легітымна абранага прэзідэнта. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі заявіў літоўскі палітык, экс-кандыдат у прэзідэнты Літвы Эдуардас Вайткус.
   .
Эдуардас Вайткус у Мінску.Фота: Максім Гучак, БЕЛТА

Палітык заявіў, што ў Літве няма легітымна абранага літоўскага прэзыдэнта, ён сцвярджае што падчас выбараў было дапушчана шмат парушэнняў, перадае БЕЛТА.

Эдуардас Вайткус удзельнічаў у парламенцкіх выбарах у 2008 і 2020 гадах, але не прайшоў у парламент. У 2021 годзе быў актыўным удзельнікам пратэстаў супраць вакцынацыі. Тады ж палітык заснаваў цэнтр супраціву акупацыі народа Літвы, які аб'ядноўвае прарасійскія сілы.

У 2024 годзе Вайткус на парламенцкіх выбарах узначаліў спіс Літоўскай народнай партыі, але яна не пераадолела выбарчы бар'ер.

Таксама ў 2024 годзе палітык ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах і набраў агулам 7,31% галасоў. Вялікую падтрымку Вайткус атрымаў у рускамоўных рэгіёнах Літвы, такіх як Шальчынінкай і Вісагінас.

У першым туры прэзідэнцкіх выбараў у Літве Вайткус перамог у Шальчынінкайскім раёне, дзе пражываюць у асноўным палякі, атрымаўшы падтрымку 40% выбаршчыкаў.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што папулярнасць Вайткуса — гэта рызыка для бяспекі краіны:

«Я думаю, што Вайткус у некаторым сэнсе аказаў паслугу і дазволіў выявіцца тым, хто глядзіць не на Захад, а ў іншы бок. Гэта пэўная рызыка для нашай бяспекі».

Вайткус таксама перамог у Вісагінасе, горадзе каля мяжы з Латвіяй, дзе пражывае пераважна руская меншасць, там ён атрымаў каля 38% галасоў у першым туры.

вх