Беларуская Служба

На сустрэчы міністраў краін СЕ Ціханоўская будзе казаць пра ролю рэжыму Лукашэнкі ў вайне РФ супраць Украіны

13.05.2025 17:35
Ціханоўская правядзе шэраг асабістых сустрэчаў з удзельнікамі сесіі Камітэта міністраў Савета Еўропы.
   -,      (13  2025 ).
Святлана Ціханоўская і віцэ-прэм'ер, кіраўнік МЗС Люксембурга Ксаўе Бетэль (13 мая 2025 года).Фота: прэс-служба Ціханоўскай

Лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы міністраў краін Савета Еўропы (СЕ) у Люксембургу выступіць, каб «патлумачыць і дэталёва раскрыць суагрэсарскую ролю рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі ў вайне, а таксама данесці неабходнасць прыцягнення ўсіх датычных да адказнасці», паведамляе прэс-служба беларускага палітыка.

Адзначаецца, што Ціханоўская правядзе шэраг асабістых сустрэчаў з удзельнікамі сесіі Камітэта міністраў СЕ. Плануецца абмеркаваць «магчымасці, метады і шляхі вызвалення» беларускіх палітвязняў, «падтрымку беларускай дыяспары», «дапамогу беларускім незалежным медыя» і супрацу паміж дэмсіламі і Саветам Еўропы.

Ціханоўская, як заяўлена, ужо сустрэлася з віцэ-прэм’ерам, міністрам замежных спраў Люксембурга Ксаўе Бетэлем.

Раней прэс-служба палітыка паведаміла, што 13–14 траўня дэмлідар наведае Люксембург, дзе возьме ўдзел у мерапрыемствах 134-й сесіі Камітэта міністраў СЕ.

На пасяджэнні згаданага камітэта, як адзначалася, «будзе зроблены наступны крок на шляху да фармалізацыі стварэння спецыяльнага трыбунала» па ваеннай агрэсіі супраць Украіны.

Пра завяршэнне працы па стварэнні трыбунала заявіла 9 траўня кааліцыя з 35 дзяржаў — членаў Савета Еўропы. Гэта адбылося па выніках сустрэчы ў Львове міністраў замежных спраў гэтых краін з удзелам вярхоўнага прадстаўніка Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Каі Калас.