Беларуская Служба

За палітыку асудзілі кіраўніка буйной кансалтынгавай кампаніі

17.05.2025 09:34
Сямёну Злобічу пагражала да 4 гадоў.
 .
Сямён Злобіч. Фота: civitta.com

Нядаўна асуджанаму Сямёну Злобічу 41 год. Ён вучыўся ў БДУ. У яго ёсць жонка і непаўналетняе дзіця - піша "Наша Ніва".

Сямён доўгі час працуе ў кансалтынгу. Ён меў ІП у гэтай сферы, таксама працаваў у кансалтынгавай кампаніі EnterInvest. У 2016-м заснаваў уласную кансалтынгавую кампанію — ААТ «Стратэгія і капітал», а праз некалькі гадоў узначаліў беларускі філіял кампаніі Civitta, у якой таксама значыцца асацыяваным партнёрам.

Civitta — гэта буйная кансалтынгавая кампанія з літоўскімі каранямі. Яе заснаваў былы партнёр McKinsey — кампаніі з так званай вялікай кансалтынгавай тройкі (McKinsey, BCG, Bain). Цяпер яна прадстаўленая ў 15 краінах, на яе працуюць сотні кансультантаў і распрацоўшчыкаў.

У Civitta Злобіч займаўся падрыхтоўкай справаздач пра інавацыйныя экасістэмы Беларусі, стан беларускага фінтэху і тое, як працуюць беларускія стартапы. Таксама выступаў з лекцыямі, у якіх распавядаў, як бізнес можа ўкараняць інавацыі ў свае працоўныя працэсы.

Мужчыну абвінавачвалі ў «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт. 369-1 КК). У чым сутнасць справы, невядома. Сямёну пагражалі арышт, або хімія, альбо калонія — да чатырох гадоў. У спісе «экстрэмістаў» пазначана, што ён «адбывае пакаранне» — гэта значыць, што чалавеку прысудзілі калонію або хімію з накіраваннем.

нг