Каталікос усіх армян Гарэгін Другі 17 мая на запрашэнне Расійскай і Нова-Нахічэванскай епархіі Армянскай Апостальскай царквы прыбыў у сталіцу Беларусі - паведамляе агенцтва “Навіны Арменіі“. 18 мая ў Мінску ён асвеціць першы ў краіне храм Армянскай апостальскай царквы, паведаміў у гутарцы з БЕЛТА намеснік упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Беларусі Сяргей Герасіменя.
«Мэта візіту Каталікоса ўсіх армян Гарагіна Другога ў Беларусь - адкрыццё, асвячэнне першага ў краіне храма Армянскай апостальскай царквы, які быў пабудаваны за тры гады на вуліцы Філімонава ў Мінску армянскай абшчынай. Храм Святога Рыгора Асветніка Армянскай апостальскай царквы невялікі. Ён разлічаны на адначасовае наведванне 75 прыхаджан. Усяго ў нашай краіне пражывае каля 9 тыс. армян, дзейнічаюць шэсць нацыянальна-культурных грамадскіх аб'яднанняў армянскіх абшчын», - падкрэсліў Сяргей Герасіменя.
Ён таксама дадаў, што для Беларусі гэты візіт вельмі значны.
«Гэта першы візіт у нашу краіну кіраўніка Армянскай апостальскай царквы. Армянскі народ блізкі да беларускага. Нас звязваюць шматвяковыя сувязі. Сімвалічна і тое, што візіт адбываецца ў дні святкавання Вялікай Перамогі, таму што шмат армян абараняла беларускую зямлю», - адзначыў намеснік упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.
нг