У выпадку перамір’я паміж Украінай і Расіяй заходнія разведкі баяцца хуткай перакідкі расійскіх войскаў з Украіны да межаў Фінляндыі і Нарвегіі, а таксама да краін Балтыі і ў Беларусь, на мяжу з Польшчай. Пра гэта піша BILD.
«У выпадку заканчэння баявых дзеянняў ва Украіне пагроза для нас павялічыцца», — заявіў міністр абароны Эстоніі Ханна Певкур у размове з BILD.
Паводле Певкура, каля 800 тысяч расійскіх вайскоўцаў у выпадку перамір’я не вернуцца дадому, а атрымаюць новыя загады. З ім згодныя і спецслужбы.
Яны мяркуюць, што ўжо існуюць адпаведныя планы, і што за апошнія месяцы Расія падрыхтавала адпаведную інфраструктуру. Аднак рэалізаваць гэтыя планы пакуль перашкаджае вайна ва Украіне.
Крыніца BILD сцвярджае, што калі перамір’е адбудзецца ў бліжэйшы час і Расія будзе ўпэўненая ў яго надзейнасці, яна можа перакінуць войскі ў Беларусь падчас вучэнняў «Захад-2025».
Пры гэтым, нагадвае крыніца, Расія ўжо выкарыстоўвала ваенныя манеўры ў Беларусі як падставу для размяшчэння арміі паблізу ўкраінскіх межаў у 2021 годзе. Гэтым разам магчымымі мэтамі могуць стаць Літва або Польшча.
euroradio.fm/эж