Указ «Аб павышэнні ролі наймальнікаў у галіне знешняй працоўнай міграцыі», які прадугледжвае адказнасць працадаўцаў за замежных работнікаў, падпісаў 21 траўня Аляксандр Лукашэнка, паведамляе «Позірк» са спасылкай на прэс-службу дыктатара.
Адзначаецца, што «для ўзмацнення патрабаванняў да прыцягнення замежнай працоўнай сілы, за выключэннем грамадзян дзяржаў – членаў ЕАЭС, на наймальнікаў ускладзеныя дадатковыя абавязкі».
У ліку такіх абавязак наведваць мігрантаў дома – для «вывучэння ўмоў пражывання з прыняццем пры неабходнасці мер па выпраўленні выяўленых парушэнняў і інфармаваннем кампетэнтных дзяржаўных органаў», а таксама арганізоўваць абавязковае тэставанне замежнікаў на веданне рускай або беларускай мовы.
«Заключаць працоўны дагавор з мігрантам неабходна будзе ў 30-дзённы тэрмін з даты яго ўезду ў Беларусь, – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Лукашэнкі. – Пры гэтым забараняецца часовы перавод такога работніка да іншага наймальніка, каб пазбегнуць выкарыстання яго працы без захавання вызначанай працэдуры прыцягнення замежных адмыслоўцаў».
Наймальнікі таксама «будуць абавязаныя арганізоўваць кантроль за дзейнасцю і ўмовамі знаходжання мігрантаў», у тым ліку вызначаць адказных за гэта асоб.
«Невыкананне сваіх абавязкаў пацягне для наймальнікаў адміністрацыйную адказнасць, а для мігрантаў – датэрміновае скасаванне працоўнага дагавора і выезд з краіны», – адзначана ў паведамленні.
Тэкст указа пакуль не апублікаваны.
аз