Афіцыйнае запрашэнне наведаць Беларусь перадаў папу Рымскаму Льву XIV старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, паведамляе партал catholic.by.
У сераду 21 мая адбылася першая агульная аўдыенцыя Папы Льва XIV, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
На першай агульнай аўдыенцыі Святога Айца прысутнічалі прадстаўнікі беларускага епіскапата: арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі; біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, адказны за Магілёўскі рэгіён.
Прадстаўнікі беларускага епіскапата. catholic.by
Пасля агульнай аўдыенцыі дэлегацыя беларускіх іерархаў атрымала магчымасць падчас кароткай асабістай сустрэчы пазнаёміць Пантыфіка з сітуацыяй Касцёла ў Беларусі.
Арцыбіскуп Станеўскі ад імя Касцёла ў Беларусі перадаў Папе Льву XIV афіцыйнае запрашэнне наведаць Беларусь, дзе, па словах іерарха, «беларускі народ будуе сваю будучыню на моцным фундаменце хрысціянскіх і сямейных каштоўнасцяў і, перажываючы 80-годдзе заканчэння Другой сусветнай вайны, — на супакоі, згодзе і міры».
Арцыпастыр выразіў перакананне, што прыбыццё ў нашу краіну «Пятра нашых часоў, чалавека, які ў першых словах звярнуўся да вернікаў з заклікам "Супакой Хрыста няхай будзе з усімі вамі!", паспрыяе сустрэчы "щсіх з усімі", бо Хрыстус аддаў жыццё за ўсіх людзей».
Напрыканцы асабістай сустрэчы з дэлегацыяй беларускіх духоўных асоб Святы Айцец удзяліў пантыфікальнае благаслаўленне, як перадаў гэта арцыбіскуп Станеўскі, «для ўсіх людзей добрай волі, якія жывуць у Беларусі, якія, перажываючы Год добраўпарадкавання, будуюць дабрабыт сваёй краіны, каб гэта ім удавалася з Божай дапамогай і папскім благаслаўленнем».
вх