«Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі мае рацыю, адпрэчваючы прапанову Расіі аб правядзенні мірных перамоваў на тэрыторыі Беларусі», — напісала дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская ў сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы X, паведамляе выданне «Позірк».
«Лукашэнка не з’яўляецца нейтральным гульцом — ён суагрэсар у вайне Пуціна, — сцвярджае палітык. — Гэта падтрымка вайны не воля беларусаў. Мы падтрымліваем вас і змагаемся за свабодную, мірную і дэмакратычную Беларусь».
Нагадаем, напярэдадні прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў немагчымым правядзенне перамоў з РФ у Беларусі. Паводле яго, Кіеў разглядае ў якасці пляцовак для магчымых кантактаў па спыненні вайны Турцыю, Ватыкан і Швейцарыю. Ватыканскую пляцоўку, з ягоных слоў, «падтрымліваюць усе, акрамя расійскага боку».
Аляксандр Лукашэнка і прадстаўнікі яго рэжыму неаднаразова заяўлялі, што могуць прыняць у сябе перагаворныя дэлегацыі Украіны і РФ. Пры гэтым сваю ролю яны ацэньваюць супярэчліва, то выказваючы гатоўнасць стаць пасярэднікам, то катэгарычна ад гэтага адмаўляючыся.
эж