Беларусь «вельмі зацікаўленая ў больш хуткім вырашэнні канфлікту паміж Расіяй і Украінай», заявіў амбасадар Беларусі ў Турцыі Анатоль Глаз 1 чэрвеня ў інтэрв'ю інфармагенцтву гэтай краіны «Анадалу».
«Ён звярнуў увагу на той факт, што з першых дзён канфлікту Беларусь і Турцыя выступаюць за яго мірнае ўрэгуляванне і стабільнасць у рэгіёне», – адзначаецца ў публікацыі.
«Наша краіна мяжуе з Украінай, таму мы яшчэ і глыбока па-чалавечы перажываем тое, што адбываецца: нам неабыякавыя ахвяры і мы радуемся любому прагрэсу ў перамоўным працэсе», – сказаў Глаз.
Ён назваў «канфлікт» ва Украіне «глыбока асабістым» і «гуманітарным» для ўладаў у Мінску.
«Свабода» нагадвае, што на 2 чэрвеня ў Стамбуле запланаваны другі раўнд перамоваў паміж Масквой і Кіевам дзеля ўрэгулявання вайны Расіі супраць Украіны. Першы раўнд прайшоў 16 траўня, па яго выніках бакі правялі найбуйнейшы з пачатку вайны абмен палоннымі ў фармаце «1000 на 1000». Зрухаў да спынення баявых дзеянняў на перамовах не адбылося.
24 лютага 2022 года Расія развязала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль. У «першыя дні канфлікту», Беларусь дазволіла расійскім войскам скарыстаць скарыстаць сваю тэрыторыю і інфраструктуру для нападу на Украіну – з Беларусі было ажыццёўленае прамое ўварванне ва Украіну, праводзіліся бамбардзіроўкі ўкраінскіх гарадоў.
За саўдзел у агрэсіі супраць Украіны ў дачыненні да Беларусі ўведзеныя маштабныя міжнародныя санкцыі.
аз