Беларуская Служба

Журналістка Ціна Палынская і яе дачка знаходзяцца пад вартай

04.06.2025 11:06
Справа можа быць звязаная з рашэннем КДБ прызнаць Беларускую аналітычную майстэрню прафесара Андрэя Вардамацкага «экстрэмісцкім» фармаваннем.
Ціна Палынскаякрыніца: facebook.com/tinka.assol

Журналістка і актывістка Ціна Палынская ды яе дачка знаходзяцца пад вартай – верагодна, па справе аб Беларускай аналітычнай майстэрні, паведамляе «Хрысціянская візія». Яна з канца мая не выходзіць на сувязь. Тады меркавалася, што жанчына магла быць затрыманая.

Цяпер стала вядома, што Ціна Палынская і яе старэйшая 22-гадовая дачка Маргарыта знаходзяцца пад вартай па крымінальнай справе. Жанчыны ўтрымліваюцца ў СІЗА-2 у Віцебску. У Ціны таксама ёсць малодшая непаўналетняя дачка – ёй 14 гадоў.

Падрабязнасці абвінавачання афіцыйна не раскрываюцца. Па ўскосных прыкметах ёсць меркаванне, што справа можа быць звязаная з рашэннем КДБ прызнаць Беларускую аналітычную майстэрню прафесара Андрэя Вардамацкага «экстрэмісцкім» фармаваннем. Гэтая арганізацыя праводзіла сацыялагічныя апытанні сярод беларускіх грамадзян. Вядома пра вобшукі і канфіскацыю тэхнікі ў іншых людзей, якіх апытвалі ў рамках сацыялагічных даследаванняў майстэрні.

На дадзены момант няма ніякіх пацверджанняў, што Ціна ці яе дачка сапраўды ўдзельнічалі ў даследаваннях БАМ. Але нават калі б такі ўдзел меў месца, ён не парушаў бы закону: на момант магчымага кантакту з майстэрняй яна яшчэ не была прызнаная «экстрэмісцкім» фармаваннем. Рашэнне КДБ датаванае 16 мая 2025 года, апублікаванае – 21 мая. А ўжо 22 мая на тэлеканале АНТ выйшаў «выкрывальны» сюжэт аб дзейнасці майстэрні.

вс