Беларуская Служба

Вядомая беларуская кампанія разгортвае свой бізнес у Польшчы

05.06.2025 18:00
Regula - гэта сусветны лідар па вытворчасці прыбораў па праверцы сапраўднасці дакументаў, грашовых знакаў і каштоўных папер.
   4105
Дэтэктар валют РЭГУЛА 4105скрыншот/Інтэрнэтная гандлёвая платформа

Вядомая беларуская кампанія Regula («Регула»)нарошчвае прысутнасць на польскім рынку, паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на эканамічнага аглядальніка Вадзіма Сяховіча.

Летась выручка кампаніі Regula Poland вырасла амаль на траціну ў параўнанні з 2023 годам (з 5,8 млн да 8,1 млн злотых). Кампанія была зарэгістраваная ў Варшаве ў 2022 годзе. І гэта – самы малады офіс Групы кампаній Regula.
Кампанія Regula – адзін з найбуйнейшы вытворцаў прыладаў для праверкі сапраўднасці дакументаў, грашовых знакаў і каштоўных папер.

60% Regula Poland на роўных валодаюць заснавальнікі групы (створаная ў 1992 годзе ў Мінску) Іван Шумскі і Юрый Рагажынскі. Іх партнёры па польскім бізнесе – Дзяніс Туркоў і Ігар Кляшчоў. У выдзелены ў 2020-х заходні сегмент бізнесу Івана Шумскага і Юрыя Рагажынскага таксама ўваходзіць вытворчая пляцоўка Regula Baltija ў Даўгаўпілсе ў Латвіі (створаная ў 2005 годзе як зборачнае прадпрыемства для заходніх рынкаў) і дыстрыбутарскія кампаніі ў ЗША, Германіі, Нідэрландах і Бразіліі.

Як звярнуў увагу Сяховіч, у канцы 2024 года, стаўшы рэзідэнтам Ізраіля, Іван Шумскі давёў сваю долю ў даўгаўпілскай кампаніі Regula Baltija да кантрольнай. Яму належыць у ёй ужо 61,42%. У раней усюды раўнапраўнага партнёра Юрыя Рагажынскага доля ў латвійскай фірме скарацілася да 18,57%.Астатнім пакетам валодаюць рэзідэнты Латвіі Алена, Карына і Эмілія Яўнземе.

У Беларусі ўсё яшчэ дзейнічаюць юрыдычныя асобы (пры не працуючым сайце) кампаніі «НПП Рэгула» і «Рэгула».

У Расіі Regula Baltija выйшла з саўладальнікаў былой даччынай кампаніі «Рэгула-Русь» у 2022 годзе – яшчэ да пачатку ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну.

Новыя ўласнікі «Рэгула-Русь» не раскрываюцца. Але маскоўская фірма працягвае працаваць пад гэтай назвай пад кіраўніцтвам мясцовага былога партнёра Шумскага і Рагажынскага Леаніда Гапотчанкі.

Паводле вынікаў 2024 года, даход «Рэгула-Русь» вырас на 42,23% і ў эквіваленце склаў 1,25 мільёна долараў.

аз