Беларуская Служба

Супрацоўнікаў беларускай чыгункі прымушаюць падпісваць «памяткі» пра нераспаўсюд інфармацыі — гэта можа быць звязана з вучэннямі «Захад»

10.06.2025 15:36
На Беларускай чыгунцы з траўня рэалізуецца новая мера, накіраваная на прадухіленне ўцечкі інфармацыі.
                 2025
Супрацоўнікаў беларускай чыгункі прымушаюць падпісваць «памяткі» пра нераспаўсюд інфармацыі – гэта можа быць звязана з вучэннямі «Захад 2025»facebook.com/belzhd.live

Усім супрацоўнікам прапануецца падпісаць пісьмовае пацверджанне азнаямлення з пералікам крымінальных артыкулаў за супрацьпраўную дзейнасць, у тым ліку за «экстрэмісцкія» матэрыялы ў інтэрнэце, піша «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі».

Дакумент павінен падпісаць кожны з больш чым 58 тысяч работнікаў прадпрыемства – ад кіраўнікоў да тэхнічнага і абслугоўваючага персаналу, сцвярджаюць прадстаўнікі Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі.

Сам дакумент уяўляе сабой падборку артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі, у асноўным з так званага антыэкстрэмісцкага і антытэрарыстычнага блока. У ім пералічаны такія артыкулы, як дзяржаўная здрада, садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні, дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь, дыверсія і іншыя.

Падпісанне «памяткі» абавязковае.

Варыянт адмовіцца ад подпісу пад гэтым дакументам не прадугледжаны ў прынцыпе. Адмова ад подпісу пад азнаямленнем раўнасільная «прызнанню віны па ўсіх прыведзеных артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі», ну ці як мінімум пагражае скасаваннем працоўных адносін з наймальнікам па артыкуле Працоўнага кодэкса. Работнікам не выдаюць экзэмпляр падпісанага дакумента, які захоўваецца ў іх асабістых справах.

Мяркуецца, што гэтая мера звязана з падрыхтоўкай да маштабных ваенных вучэнняў «Захад 2025», а таксама накіравана на ўзмацненне кантролю за інфармацыйнай бяспекай напярэдадні воінскіх перавозак.

«Так, папярэдняя «папера» навязвалася работнікам пад подпіс фактычна перад разгортваннем саюзнай групоўкі войскаў на тэрыторыі Беларусі, якое праводзілася ў верасні 2022 года», — нагадваецца ў паведамленні.

вх