Беларуская Служба

«Лукашэнка рызыкуе…». Як ва Украіне адрэагавалі на навіны аб дастаўцы ў Беларусь расійскіх ракет і бомбаў

16.06.2025 10:19
І што гавораць аб будучых вучэннях у цэлым.
     .
Рух расійскіх самалётаў у кірунку Беларусі.Фота: t.me/avivector

Напярэдадні Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі са спасылкай на крыніцы і аналіз бягучай актыўнасці на БЧ паведаміла, што з 14 па 30 чэрвеня 2025-га з Расіі на беларускую тэрыторыю завязуць авіябомбы і ракеты розных тыпаў - піша Салідарнасць.

Навіна маментальна абляцела ўкраінскую прэсу.

Ва ўкраінскіх СМІ спосабы і аб'ёмы паставак расійскага ўзбраення параўналі з тым, як пад выглядам вучэнняў вялася падрыхтоўка да поўнамаштабнага ўварвання ў лютым 2022-га.

Так, украінскі Фокус зважае на тое, што ўзбраенні з Расіі пастаўляюцца не толькі па чыгунцы.

"Летам расійскія транспартныя самалёты Іл-76 і Ан-124-100 пачалі палёты на беларускія аэрадромы, у прыватнасці на авіябазу ў Мачулішчах", — піша выданне.

Партал Мілітарны адзначае, што Мачулішчы сталі адной з асноўных авіябаз расійскіх акупантаў з пачатку ўварвання ў 2022-м.

Сцэнарый і маштаб будучых вучэнняў паўтараюць вучэнні "Саюзная рашучасць", якія з 10 па 20 лютага 2022 года праводзіліся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Праз чатыры дні пасля іх заканчэння расійскія войскі ўварваліся ва Украіну.

Украінскія СМІ цытуюць прэзідэнта краіны, які выказаўся аб магчымых сцэнарыях ваенных вучэнняў, якія рыхтуюцца ў Беларусі. Яго заява прагучала ў адзін дзень з публікацыяй звестак аб завозе ракет і авіябомбаў.

«Зяленскі намякнуў Лукашэнку, чым могуць абярнуцца правакацыі на вучэннях з Расіяй», піша агенцтва УНІАН.

«Лукашэнка баіцца і перанясе вучэнні далей ад мяжы з Украінай», - заявіў украінскі лідар. - «Ён разумее, пасля нашых крокаў у адказ на Курскім кірунку, калі мы будзем адчуваць пагрозу - на што мы здольныя».

Пры гэтым прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што аналіз украінскай разведкі сведчыць аб тым, што ўдзельнікі вучэнняў "будуць спрабаваць нават крыху ўглыб адысці ў Беларусь, далей ад межаў".

нг