Беларуская Служба

За што ў Беларусі могуць дадаць у «спіс эскрэмістаў»? Абноўленыя нормы заканадаўства

17.06.2025 12:18
Саўмін вызначыў спіс артыкулаў, асуджаных па якіх уключаць у «спіс эскрэмістаў».
Будынак КДБ у Мінскуcommons.wikimedia.org

Журналісты «Медыязоны» вывучылі новую пастанову Саўміна, якая мяняе крытэры для ўключэння ў спісы «тэрарыстаў» і «экстрэмістаў». Амаль праз 4 гады пасля з'яўлення такога спісу, калі «экстрэмістамі» прызнаныя ўжо больш за 5 тысяч беларусаў, урад вызначыў канкрэтныя артыкулы Крымінальнага кодэкса, прысуды па якіх з'яўляюцца падставай для ўключэння ў яго.

Цяпер у пераліку знаходзіцца амаль 5 500 беларусаў і замежных грамадзян, асуджаных па артыкулах аб грубым парушэнні парадку за ўдзел у пратэстах 2020 года, абразе Лукашэнкі, чыноўнікаў, суддзяў, міліцыянераў і па многіх іншых справах. Грамадзян дадаюць у «спіс экстрэмістаў» пасля ўступлення ў сілу прыгавору суда.

Афіцыйна прысутнасць у пераліку «экстрэмістаў» не накладвае такую ​​колькасць абмежаванняў па выхадзе на волю, як спіс «тэрарыстаў». Але беларусы, асуджаныя па палітычных матывах і якія трапілі ў «экстрэмісцкі» спіс, пасля вызвалення сутыкаюцца з цяжкасцямі пры пошуку працы і кантролем міліцыі.

Дзе глядзець спісы і што пагражае

Да пагашэння або зняцця судзімасці, а таксама яшчэ 5 гадоў пасля гэтага, такім людзям забаронена займацца выдавецкай дзейнасцю, складаць адукацыйныя праграмы, займаць дзяржаўныя пасады і праходзіць ваенную службу. А іх «фінансавыя аперацыі падлягаюць асабліваму кантролю».

Уключэнне ў «экстрэмісцкі» спіс можна аспрэчыць цягам месяца з моманту, калі чалавека ў яго дадалі. Выключыць са «спісу экстрэмістаў» могуць у выпадку адмены прыгавору суда або праз 5 гадоў пасля пагашэння або зняцця судзімасці.

Раней крытэрам для ўнясення ў спіс былі «дзеянні», апісаныя ў Законе аб супрацьдзеянні экстрэмізму: «дзейнасць грамадзян Беларусі … па планаванні, арганізацыі, падрыхтоўцы і здзяйсненні замахаў на незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт, асновы канстытуцыйнага ладу, грамадскую бяспеку дзейнасці, абразы прадстаўнікоў улады» і гэтак далей.

Цяпер Саўмін вызначыў дакладны спіс артыкулаў КК, прысуд па якіх стане падставай для ўключэння ў «спіс экстрэмістаў» — іх больш за 50. Пасля ўступлення прысуду ў сілу па адным або некалькіх артыкулах чалавек трапляе ў спіс «экстрэмістаў». Спіс публікуе МУС. Найбольш зручна сачыць за ім у тэлеграм-канале «Экстрэмісты Беларусі».

Замежная дапамога і прапаганда вайны = тэрарызм

10 чэрвеня Савет міністраў скарэкціраваў спіс артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія могуць стаць падставай для ўключэння фізічных асоб у спіс «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». Пералік вядзе і публікуе ў тэлеграм-канале КДБ.

Да жнівеньскіх пратэстаў 2020 года ў спісе не было ніводнага беларуса — у асноўным туды дадавалі грамадзян КНДР, Йемена, Ірака, Афганіста, Пакістана з санкцыйных спісаў Савета бяспекі ААН. За пяць гадоў «спіс тэрарыстаў» КДБ папоўніўся грамадзянамі нашай краіны — больш за 500 чалавек. У яго дадаюць беларусаў, абвінавачаных ці асуджаных па палітычных справах.

Чалавек, уключаны ў такі спіс, нават пасля вызвалення з калоніі ці турмы сутыкаецца з рознымі цяжкасцямі і абмежаваны ў правах: напрыклад, ён не можа аформіць банкаўскую карту ці сім-карту, застрахавацца, аформіць даверанасць. 

Да новай пастановы ўрада падставай для ўключэння ў «спіс тэрарыстаў» былі ў тым ліку абвінавачанне або ўступленне ў сілу прыгавору суда па 25 артыкулах Крымінальнага кодэкса. Цяпер дадалі яшчэ два артыкулы — аб незаконным атрыманні замежнай бязвыплатнай дапамогі, калі такая дапамога была атрымана з мэтай тэрарыстычнай дзейнасці, і аб прапагандзе вайны.

Па абвінавачанні ў прапагандзе вайны завочна судзілі экс-прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзідэнты Валерыя Цапкала. Акрамя таго, па гэтым артыкуле Генпракуратура распачала справу на польскіх сілавікоў падчас піку міграцыйнага крызісу на мяжы ў 2021 годзе.

Раней падставай для ўключэння ў спіс быў у тым ліку ўступіўшы сілу прыгавор па артыкулах аб незаконным набыцці/захоўванні радыеактыўных матэрыялаў або крадзяжы радыеактыўных матэрыялаў, а цяпер чалавека ўключаць у спіс толькі ў выпадку прыгавору па трэцяй частцы гэтых артыкулаў. Калі абвінавачаны скраў ці незаконна захоўваў радыеактыўныя матэрыялы з мэтай, напрыклад, здзяйснення тэракту, дыверсіі, стварэння незаконнага ўзброенага фармавання. Тое ж самае тычыцца артыкулаў аб незаконным абароце ядаў і моцнадзейных рэчываў, крадзяжы ці не законных дзеяннях у адносінах да зброі, крадзяжы паветранага/воднага судна або чыгуначнага саставу.

Каб «пакінуць» спіс «тэрарыстаў», трэба звярнуцца ў КДБ з просьбай

Абвінавачаных або асуджаных па артыкуле аб распальванні варожасці будуць дадаваць у спіс «па ўзгодненым рашэнні» кіраўніка КДБ, МУС, Генеральнага пракурора або іх намеснікаў «з улікам інтарэсаў нацбяспекі Беларусі».

Па такім жа калектыўным рашэнні чалавека могуць і выключыць са спісу тэрарыстаў, але пры гэтым грамадзянін павінен сам звярнуцца ў КДБ і матываваць сваю просьбу.

Акрамя таго, выключыць з такога спісу могуць, калі:

  • -Саўмін выключыў з абгрунтавання для ўключэння ў спіс артыкул, па якім прад'яўлена абвінавачанне або вынесены прыгавор;
  • Адменены прыгавор суда;
  • спынены крымінальны пераслед;
  • Пагашана або знята судзімасць.

вх