Пракуратура горада Новы Двур Мазавецкі пачала расследаванне гібелі 43-гадовага беларуса Змітра Каспяровіча. Ягонае цела 20 чэрвеня знайшлі ў доме, дзе ён жыў, паведамляе тэлеканал «Белсат».
«23 чэрвеня была заведзена крымінальная справа паводле артыкулу 155 Крымінальнага кодэксу. 24 чэрвеня было праведзенае анатамаванне. Папярэдняе заключэнне не паказала, што да смерці прывяла механічная траўма», — паведаміла прэс-сакратарка Акруговай пракуратуры варшаўскага раёну Прага Караліна Старас.
Хоць і заведзеная справа паводле артыкулу аб ненаўмысным прычыненні смерці, на ўмяшанне трэціх асобаў пакуль нічога не паказвае.
«На гэты момант эксперты не каментуюць, ці была смерць гвалтоўнаю і ці быў Зміцер К. цвярозы ў момант смерці. Расследаванне цяпер на самай ранняй стадыі, трываюць працэсуальныя дзеянні дзеля ўсталявання акалічнасцяў смерці».
Артыкул 155 Крымінальнага кодэкса Польшчы прадугледжвае зняволенне на тэрмін ад 3 месяцаў да 5 гадоў.
эж