Прэзідэнт Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода Стыў Капус зрабіў заяву ў пятую гадавіну зняволення журналіста Свабоды Ігара Лосіка.
«Ігар Лосік страціў пяць гадоў жыцця праз несправядлівае, жорсткае зняволенне пад вартай беларускіх уладаў. Ягоная сям’я была разбураная проста таму, што ён хацеў забяспечыць беларусам доступ да праўдзівай, незалежнай інфармацыі.
На мінулым тыдні прэзідэнт Трамп прадэманстраваў сапраўднае лідарства, дамогшыся вызвалення 14 бязвінных людзей з беларускіх турмаў, дзе большасць з іх трымалі ў ізаляцыі і без ніякіх кантактаў з вонкавым светам. Жахлівая жорсткасць, ад якой пакутуе Ігар Лосік, павінна спыніцца сёння ж, і ён павінен быць неадкладна вызвалены без аніякіх умоў» - напісаў Стыў Капус.
25 чэрвеня 2025 года спаўняецца пяць гадоў з дня затрымання журналіста Радыё Свабода Ігара Лосіка. З восені 2024 года ён утрымліваецца ў следчым ізалятары КДБ у Мінску. Інфармацыі пра ягоны стан практычна няма — адсутнічае доступ да адваката, не вядзецца ліставанне.
Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года ў яго доме ў Баранавічах — за паўтара месяца да выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ён працаваў блогерам, кансультантам Радыё Свабода па сацыяльных сетках і актыўна выказваўся наконт сітуацыі ў краіне.
У снежні 2021 года суд прызнаў Ігара Лосіка вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў і распальванні сацыяльнай варожасці, пакараўшы яго 15 гадамі пазбаўлення волі з накіраваннем у папраўчую калонію ўзмоцненага рэжыму. Праваабарончыя арганізацыі прызналі яго палітычным зняволеным.
Падчас зняволення Лосік двойчы трымаў галадоўку і двойчы наносіў сабе цялесныя пашкоджанні ў знак пратэсту супраць несправядлівага прысуду і ўмоў утрымання. Асноўную частку тэрміну ён адбываў у Наваполацкай калоніі, дзе, паводле былых зняволеных, часта трапляў у памяшканне камернага тыпу (ПКТ). На працягу паўтара года ён быў ізаляваны ад родных — без ліставання і перадач.
Усе чатыры адвакаты Ігара Лосіка былі вымушаныя або пакінуць Беларусь, або спыніць адвакатскую дзейнасць. У кастрычніку 2022 года была затрыманая яго жонка Дар’я Лосік, якая перад гэтым дала інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат». Яе абвінавацілі ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і асудзілі на два гады пазбаўлення волі. У ліпені 2024 года яна выйшла на волю.
У красавіку 2025 года быў затрыманы і малодшы брат Ігара — Мікіта Лосік. Яго таксама абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці — нібыта за перадачу фотаздымкаў перамяшчэння расійскай ваеннай тэхнікі ў 2022 годзе.
нг