Беларуская Служба

Дэфіцыт знешняга гандлю таварамі і паслугамі Беларусі дасягнуў 856 млн долараў

26.06.2025 08:36
Толькі за красавік разрыў паміж імпартам і экспартам павялічыўся на 223,4 млн долараў.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.pixabay.com/Pixabay License

Паводле апошніх дадзеных Нацыянальнага банка Беларусі, дэфіцыт знешняга гандлю таварамі і паслугамі працягвае павялічвацца, піша reform.news.  За студзень—красавік 2025 года экспарт беларускай прадукцыі скараціўся на 0,3% і склаў 15,4 млрд долараў, у той час як імпарт вырас на 4,7% — да 16,27 мільярда долараў. Такім чынам, адмоўнае сальда склала 856 мільёнаў долараў. Для параўнання: у аналагічны перыяд 2024 года дэфіцыт быў у 9 разоў меншы. Толькі за красавік разрыў паміж імпартам і экспартам павялічыўся на 223,4 млн долараў.

Разам з тым адзначаецца паляпшэнне дынамікі экспарту. Калі ў першым квартале ён знізіўся на 1,1%, то па выніках чатырох месяцаў спад скараціўся да мінімуму. Дынаміка росту імпарту, у сваю чаргу, узрасла нязначна — з 4,6% да 4,7%.

Экспарт тавараў за студзень—красавік скараціўся на 3,7% і склаў 12,1 млрд долараў, імпарт павялічыўся на 3,5% — да 14,1 млрд. У выніку дэфіцыт гандлю таварамі склаў 1,98 мільярда долараў — на 89,2% больш, чым год таму.

Экспарт паслуг вырас на 14,7% і склаў 3,28 мільярда долараў, імпарт паслуг — на 13,2% (да 2,15 млрд). Прафіцыт у гэтым сектары дасягнуў 1,12 мільярда долараў — на 17,8% больш, чым летась.

эж