Беларуская Служба

Сядзіба сям'і пісьменніка Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі на Вушаччыне ўзятая пад асаблівую ахову дзяржавы

27.06.2025 19:07
Праект зон аховы быў прыняты Мінкультам у 101-ю гадавіну народзінаў народнага пісьменніка.
Васіль Быкаўфота: Рада БНР

Міністэрства культуры зацвердзіла праект зон аховы вакол сядзібы сямʼі Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі Вушацкага раёна. Цяпер дом-музей народнага пісьменніка афіцыйна атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Пад ахову ўзяты не толькі сам дом-музей, але і алея памяці з валунамі, якія ўсталяваны на месцы, дзе была хата, у якой нарадзіўся Васіль Быкаў.

Цяпер у гэтай зоне забаронена будаўніцтва, знішчэнне зялёных насаджэнняў, усталяванне рэкламы і іншыя дзеянні, што могуць пашкодзіць захаванню культурнай спадчыны.

Праект, які быў прыняты ў 101-ю гадавіну народзінаў пісьменніка – падзея неардынарная. Улічваючы, што Лукашэнка яшчэ пры жыцці помсціў Васілю Быкаву, фактычна вымусіўшы класіка беларускай літаратуры пакінуць Беларусь у 90-я гады. Помсціць яму і пасля смерці – у беларускай сталіцы няма ні помніка Быкаву, ні вуліцы ягонага імя.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск