Першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Уладзімір Пярцоў выступіў на III з'ездзе праўладнай партыі «Белая Русь» і ў сваёй прамове заявіў пра неспадзяваную ідэалагічную пагрозу: маўляў, у Беларусі на патрыятычнай тэматыцы сталі фарміравацца фінансаваныя звонку «псеўдапатрыятычныя ячэйкі», нацэленыя на дэструктыўную дзейнасць, паведамляе «Наша Ніва».
Звяртаючыся да дэлегатаў з'езда, Пярцоў заявіў: «Мы ўсе людзі палітычна пісьменныя і падкаваныя, упэўнены, кожны — патрыёт на сваім працоўным месцы. На нас з вамі ўскладаецца высокая адказнасць, на нас ускладаецца праца па фарміраванні палітычнага ландшафту, адзінай стройнай ідэалагічнай сістэмы па тым самым супрацьборстве ў барацьбе за розумы і сэрцы нашых грамадзян».
Паводле яго слоў, урокі 2020 года ўладамі засвоеныя, аднак спыняцца на гэтым ніяк не выпадае:
«Але трэба будзе нам зрабіць значна больш. Таму што, як вы бачыце, на патрыятычнай тэматыцы, мімікрыруючы пад патрыётаў, сталі фармавацца псеўдапатрыятычныя ячэйкі. Уступаючы ў калабарацыю з дзяржаўнымі і прадзяржаўнымі грамадскімі аб'яднаннямі і палітычнымі партыямі, жадаючы разам з вамі прайсці гэты шлях па заваёве розумаў і сэрцаў, яны фінансуюцца з-за мяжы і нацэленыя самым галоўным чынам на рэалізацыю альтэрнатыўных, дэструктыўных палітычных задум у наступны электаральны перыяд — 2029-2030 гадоў».
Галоўны ідэолаг краіны заклікаў да мабілізацыі ў змаганні з гэтай навалай.
Крыніца: Наша Ніва/юл