З 30 чэрвеня да 14 ліпеня ў пункце пропуску «Брэст» на беларуска-польскай мяжы будуць праходзіць рамонтныя работы на асфальта-бетонным пакрыцці, паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі.
Рамонт закране ўчастак, прызначаны для руху легкавікоў і аўтобусаў, і можа прывесці да часовых складанасцяў з праездам. Мытнікі просяць улічваць гэта пры планаванні паездкі.
Тым часам агульны час праходжання мяжы, ад пачатку рэгістрацыі аўтамабіля ў электроннай чарзе да выезду за шлагбаум на польскім памежным пункце складае больш за чатыры дні.
З польскага боку ў Беларусь у сярэднім час праходжання складае 26–28 гадзін.
эж