На запрашэнне міністра замежных спраў Харватыі Гордана Грліч-Радмана дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская прыбыла ў гэтую краіну, каб узяць удзел у Дуброўніцкім форуме. Пра гэта паведамляе «Позірк».
Палітык напісала 11 ліпеня на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х, што ў рамках візіту сустрэнецца з харвацкім прэм’ер-міністрам Андрэем Пленкавічам і спікерам парламента Горданам Яндракавічам.
Форум праходзіць 11–12 ліпеня ў горадзе Дуброўнік. Ціханоўская возьме ўдзел у панэлі «SOS: Заходнія каштоўнасці ў крызісе?»
Агулам у двухдзённай праграме Дуброўніцкага форуму запланавана 16 панэльных дыскусій па шырокім коле тэм, уключаючы геапалітычныя выклікі і гандлёвыя стасункі паміж кантынентамі, гаворыцца на сайце мерапрыемства.
26 студзеня 2023 года Ціханоўская сустракалася з Пленкавічам і Грліч-Радманам. Бакі абмяркоўвалі пашырэнне санкцый супраць афіцыйнага Мінска, падтрымку дэмакратычных сіл і дыяспары.
Арганізатарам Дуброўніцкага форума з’яўляецца Міністэрства замежных і еўрапейскіх спраў Харватыі. Мерапрыемства праходзіць з 2006 года (першапачаткова называлася Харвацкі саміт і Харвацкі форум).
вс