Беларуская Служба

Маладая акцёрка, якой беларуская мова давалася насілу, сыходзіць з Коласаўскага тэатра

11.07.2025 17:18
Некалькі месяцаў таму Ксенія Камінская апынулася ў цэнтры моўнага скандалу.
Ксенія КамінскаяКрыніца: youtube.com/скрыншот

Ксенія Камінская працавала ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа з 2021 года. Нядаўна яна апублікавала відэа, у якім паведаміла, што звальняецца з тэатра.

Сёлета ў красавіку дзяўчына апынулася ў цэнтры невялікага моўнага скандалу – Ксенія Камінская адкрыта прызналася, што «імправізацыі на беларускай мове даюцца ёй складаней». Каментатараў у тыктоку тады абурыла, што акцёры беларускага тэатра не валодаюць мовай свайго народа і не карыстаюцца ёй у жыцці. Некаторыя раілі актрысе больш чытаць літаратуры на роднай мове. Абурыліся нават праўладныя блогеры: «Не разумею, чаму ўсім так руская мова салодкая, што сваёй цураюцца», – пракаментавала блогерка Зоя Серада.

Зрэшты, наўрад ці гэтае звальненне стала для Камінскай драмай. У дзяўчыны вялікая аўдыторыя ў Instagram, а за яе плячамі – заўважная падтрымка праўладных колаў: раней яна працавала ў службе пратакола адміністрацыі Лукашэнкі.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск