Беларуская Служба

Беларуская супольнасць Уроцлава пятую гадавіну падзей 2020 года святкавала тры дні (ФОТА)

11.08.2025 08:32
Пісалі лісты салідарнасці, ладзілі забег салідарнасці, правялі Марш вольнай Беларусі.
.
.Фота: Ірына Міхеева, Суполка беларусаў Уроцлава

З 8 па 10 жніўня ва Уроцлаве адбыўся шэраг мерапрыемстваў, арганізаваных Суполкай беларусаў Уроцлава і прысвечаных пяцігоддзю падзей 2020 года ў Беларусі.

8 жніўня ў офісе Суполкі беларусаў ахвотныя пісалі лісты салідарнасці беларускім палітвязням, а таксама ўдзельнічалі ў бясплатным майстар-класе па вырабе масак гномаў. Гэтыя маскі пазней маглі выкарыстоўваліся на Маршы і акцыі на наступны дзень для большай бяспекі, а таксама візуальнай выразнасці. Сімволіка ўроцлаўскіх гномаў невыпадковая — гэта вядомы гарадскі сімвал, які ў 1980-х гадах быў знакам супраціву і свабоды ў Польшчы. Сёння яны ўспрымаюцца як напамін пра важнасць свабоды і супольных дзеянняў.

Традыцыйны Марш вольнай Беларусі пачаўся вечарам 9 жніўня каля Narodowego Forum Muzyki і прайшоў да Рынку, дзе адбылася акцыя з удзелам прадстаўнікоў беларускіх ініцыятыў Уроцлава. Як і штогод, да маршу з падтрымкай далучыліся таксама прадстаўнікі польскай і ўкраінскай супольнасцяў. Напрыканцы для прысутных выступіў беларускі музыка і былы палітвязень - Алесь Папковіч.


. 

10 жніўня Суполка беларусаў Уроцлава ўпершыню арганізавала «Забег Надзеі» на дыстанцыю сімвалічных 5,5 км у парку Wschodni. Перад стартам удзельнікі зрабілі размінку з польскай трэнеркай Беатай Сурдэй, якая мае 30 гадоў досведу, удзельнічала і перамагала ў дзясятках спаборніцтваў і спецыяльна прыехала падтрымаць ініцыятыву.

З Варшавы таксама завітаў вольны спартовец Іван Ганін — пераможца Кубка свету па кікбоксінгу, шматразовы чэмпіён Беларусі. З рук Чэмпіёна ўсе ўдзельнікі атрымалі памятныя медалі.

Арганізатары адзначылі, што з кожным годам падчас падрыхтоўкі такіх мерапрыемстваў узнікае ўсё больш выклікаў. Аднак, нягледзячы на гэта, яны працягваюць аб’ядноўваць людзей, захоўваючы традыцыі, як, напрыклад, правядзенне штогадовага Марша вольнай Беларусі, і пры гэтым крыху змяняць фармат і разнастайваць мерапрыемствы — як стварэнне масак гномаў ці забег, каб падтрымліваць і развіваць згуртаванасць супольнасці.

юл/Фота: Ірына Міхеева, Суполка беларусаў Уроцлава


.

. 
. 
. 
. 
. .