Беларуская Служба

У Літве працягвае скарачацца колькасць беларусаў з легалізацыяй

11.08.2025 11:00
З пікавага перыяду, які прыпаў на пачатак 2024 году, колькасць легалізаваных у Літве беларусаў скарацілася на 10 205 чалавек.
Панарама Вільніpixabay.com

Як гавораць звесткі Дэпартаменту міграцыі Літвы, колькасць беларусаў з дакументамі, што легалізуюць знаходжанне ў краіне, перажыло вялікія скачкі. Калі на 1 студзеня 2023 году дакументы мелі 48 804 беларусы, дык праз год колькасць рэзка вырасла да 62 167 грамадзянаў Беларусі. Аднак ужо на пачатку 2025 году такіх людзей было 57 511, а на 1 чэрвеня 52 662 чалавекі, піша Свабода.

Статыстыка на пачатак жніўня паказала на тое, што лічба працягвае падаць – цяпер у Літве легалізаваныя толькі 51 962 беларусы. Звыш 5,5 тысяч чалавек страцілі дазвол на жыхарства ў краіне і іншыя дакументы, што дазваляюць там знаходзіцца.

Лічбы паказваюць і на скарачэнне легалізаваных у Літве грамадзянаў Украіны і Расіі. А рост назіраецца сярод грамадзянаў Бангладэш, Індыі і Пакістану.

У ліку беларусаў з легалізаваным побытам 47 832 маюць часовы дазвол на жыхарства, 3914 – пастаянны, 141 – часовую картку рэзідэнта Еўрасаюзу, 75 – пастаянную.

36 616 беларусаў маюць літоўскі дазвол на працу, і гэта больш за іншых замежнікаў. Значна адстаюць украінцы, у якіх меней за 21,5 тысячу. З гуманітарных меркаванняў дазвол на пражыванне ў Літве маюць 1078 беларусаў, і гэта крыху меней за ўкраінцаў. 933 беларусы жывуць у Літве на падставе навучання ў мясцовых установах, і гэта трэцяе месца пасля грамадзянаў Індыі і Пакістану.

Раней шэрагу беларусаў адмовілі ў легалізацыі знаходжання ў Літве з прычынаў «пагрозы нацыянальнай бяспецы», якую вызначылі мясцовыя спецслужбы. Некаторыя беларусы скардзіліся, што такія вердыкты выдаваліся, напрыклад, за працу ў пажарнай службе ў Беларусі шмат гадоў таму.

Свабода/ав