Беларуская Служба

Адноўлена праца пункта пропуску Каменны Лог на мяжы з Літвой

19.08.2025 14:35
«Часовае прыпыненне афармлення звязанае з наладжваннем праграмнага забеспячэння», – гаворыцца ў паведамленні.
Беларуская мяжаФота: gpk.gov.by

У пункце «Каменны Лог» зноў прапускаюць аўто, паведамілі ў Дзяржаўным пагранічным камітэце. Работы па наладцы праграмнага забеспячэння, якія праводзіліся беларускім бокам 19 жніўня завяршыліся.
Пропуск аўтамабіляў і фізічных асоб у пункце пропуску Каменны Лог (з літоўскага боку Мядзінінкай) быў спынены з 11:30 у абодвух напрамках.

«Часовае прыпыненне афармлення звязанае з наладжваннем праграмнага забеспячэння», – гаворыцца ў паведамленнi.

Раней 19 жніўня «Позірк» паведамляў аб рэкордных чэргах аўтобусаў у пункце пропуску Брэст (з польскага боку Тэрэспаль).

Брэст – адзіны даступны для падарожнікаў аўтамабільны пункт пропуску на мяжы Беларусі і Польшчы. Пасля вынясення палітычна матываванага выраку журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла другі аўтамабільны пункт – Баброўнікі (з беларускага боку – Бераставіца).

8 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (Лоша) і Цвярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га – Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два пагранпераходы – Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі).

19 верасня 2023 года праз узрослую плынь нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны).

аз

Памежны камітэт: сярэдні час перасячэння мяжы з ЕС у электроннай чарзе — больш за 6 сутак

16.08.2025 16:28
Памежны камітэт рэкамендуе ўлічваць гэтую інфармацыю пры планаванні паездак.