Беларуская Служба

Літва ўзмацняе ахову мяжы з Беларуссю ў сувязі з вучэннямі «Захад-2025»

20.08.2025 13:03
У вучэннях «Захад-2025» чакаецца ўдзел каля 13 тыс. беларускіх і расійскіх вайскоўцаў – істотна менш, чым у 2021 годзе, за год да ўварвання Расіі ва Украіну. 
Літоўскі памежнік на ахове мяжы з БеларуссюКрыніца: State Border Guard Service/Lithuania/X

Літва плануе ўзмацніць ахову мяжы ў сувязі з набліжэннем пачатку вайсковых вучэнняў у Беларусі «Захад-2025», заявіў 20 жніўня начальнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) Рустам Любаеў у эфіры радыё LRT. Пра гэта паведамляе «Позірк».

«План падрыхтоўкі да вучэнняў зацверджаны і паспяхова рэалізуецца. (…) Цяпер літоўскія памежнікі гатовыя да любых правакацый на нашай мяжы», – цытуе Любаева партал Lrytas.

Адзначаецца, што ў вучэннях «Захад-2025» чакаецца ўдзел каля 13 тыс. беларускіх і расійскіх вайскоўцаў – істотна менш, чым у 2021 годзе, за год да ўварвання Расіі ва Украіну. Тады ў аналагічных вучэннях удзельнічала каля 200 тыс. вайскоўцаў.

Разам з тым на мінулым тыдні намеснік міністра нацыянальнай абароны Літвы Томаш Гадляўскас заявіў, што, паводле звестак літоўскай вайсковай разведкі, у вучэннях «Захад-2025» возьмуць удзел да 30 тыс. вайскоўцаў.

Міністэрства абароны Беларусі не называе колькасці вайскоўцаў, якія возьмуць удзел у сумесных вучэннях «Захад-2025» 12–16 верасня. Паведамлялася, што падчас вучэнняў будуць адпрацаваныя прымяненне ядзернай зброі і комплексу «Арэшнік», а таксама супрацьпаветраная абарона, абарончыя баявыя дзеянні, падтрымка тактычнай авіяцыі і інш.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

вс