Беларуская Служба

Ціханоўская наведвае Аўстрыю. Запланаваныя сустрэчы з прадстаўнікамі ўладаў і беларускай дыяспары

04.09.2025 11:45
Святлана Ціханоўская выступіць у Вене на мерапрыемстве «Роля Беларусі ў еўрапейскай бяспецы».
Святлана Ціханоўская https://www.facebook.com/S.Tsikhanouskaya

Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская пачынае візіт у Аўстрыю па запрашэнні Міністэрства замежных спраў гэтай краіны, паведамляе «Позірк» са спасылкай на старонку палітыка ў сацсетцы Х.

Ціханоўская анансавала сустрэчы з кіраўніцай МЗС Беатэ Майнль-Райзінгер, міністрам па справах інтэграцыі, Еўропы і сям’і Клаўдыяй Плакольм, дэпутатамі парламента, прадстаўнікамі беларускай дыяспары.

Таксама Ціханоўская выступіць у Вене на мерапрыемстве «Роля Беларусі ў еўрапейскай бяспецы», арганізаваным няўрадавай арганізацыяй Dialogbüro Vienna.

На сайце арганізацыі адзначаецца, што ў рамках гэтай дыскусіі будзе абмеркаваная «роля беларускай дзяржавы як актара вайны Расіі супраць Украіны, а таксама роля дэмакратычнай Беларусі як патэнцыйнага ўдзельніка будучай рэгіянальнай стабільнасці, бяспекі і міру ў Еўропе».

«Падчас дэбатаў будзе разгледжана, як палітычнае і ваеннае супрацоўніцтва рэжыму Лукашэнкі з Крамлём змяніла сітуацыю ў сферы бяспекі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, і якія дэмакратычныя пераўтварэнні ў Беларусі могуць садзейнічаць зніжэнню рызык і адкрыццю магчымасцяў для супрацоўніцтва з Еўропай», – гаворыцца ў анонсе мерапрыемства.

Раней Святлана Ціханоўская неаднаразова наведвала Аўстрыю, праводзіла перамовы з кіраўніцтвам і прадстаўнікамі ўрада.

У красавіку 2024 года прэзідэнт Аўстрыйскай федэрацыі прафсаюзаў (ÖGB) Вольфганг Катцыян папрасіў амбасадара Беларусі Андрэя Дапкюнаса выкарыстоўваць «кантакты ў Мінску, каб паспрабаваць знайсці спрыяльнае рашэнне» сітуацыі з асуджанымі членамі Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў.

На абмеркаванні дакладу аб сітуацыі ў Беларусі 3 ліпеня мінулага года ў рамках 56-й сесіі Савета па правах чалавека ААН прадстаўнік дэлегацыі Аўстрыі заклікаў Мінск «выконваць правы чалавека, прытрымлівацца прынцыпаў вяршэнства права і дэмакратыі, пачаць расследаванне выпадкаў смерці, жорсткага абыходжання ў зняволенні, расследаваць практыку пераследу па палітычных матывах».

Папярэдні кіраўнік МЗС Аўстрыі Аляксандр Шаленберг пасля перамоваў з Ціханоўскай 20 лістапада 2024 года ў Вене заявіў аб падтрымцы свабоднай, дэмакратычнай і актыўнай беларускай грамадзянскай супольнасці.

аз

Лісты ад «фэйкавага Ціханоўскага» атрымліваюць еўрапейскія палітыкі

03.09.2025 08:44
«Раней у Літве быў фэйкавыя ліст у пракуратуру, што нават пракуратура пачала расследаванне, прыняўшы ліст за сапраўдны».