Новую пагранічную заставу адкрылі на ўчастку Гомельскай пагранічнай групы ў Брагінскім раёне на мяжы з Украінай, перадае дзяржаўнае агенцтва Белта. Як адзначаецца, пагранзастава «Асарэвічы» ахоўвае каля 37 км дзяржаўнай мяжы з Украінай па фарватэры Дняпра ў межах Брагінскага раёна.
Да пераезду ў новы комплекс функцыянеры размяшчаліся на рэйдавай баржы і ў памяшканнях модульнага тыпу.
Як падкрэсліў старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Канстанцін Моластаў, у «Асарэвічах» у сучасных будынках і на тэрыторыі падраздзялення створаны максімальныя камфортныя ўмовы для службы, побыту і вольнага часу асабовага складу, членаў сем'яў пагранічнікаў.
«Мы ўводзім у эксплуатацыю комплекс пагранічнай заставы «Асарэвічы» – трэці з шасці запланаваных да ўзвядзення ў бягучым годзе абʼектаў«, – дадаў ён.
«Гэта застава – сучасны комплекс, аснашчаны па апошнім слове тэхнікі. Оптыка-электронныя і радыёэлектронныя сістэмы, прыборы начнога бачання, цеплавізары і іншыя сродкі даюць магчымасць кантраляваць сітуацыю кругласутачна і ў рэальным часе. Усё гэта абʼяднана ў адзіную аўтаматызаваную сістэму, якая забяспечвае надзейны кантроль і дае магчымасць своечасова рэагаваць на любыя змены ў абстаноўцы», – адзначыў у сваю чаргу старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.
Начальнік Гомельскай пагранічнай групы Дзмітрый Віннікаў назваў адкрыццё новай пагранзаставы значнай падзеяй для Гомельскай пагранічнай групы і органаў пагранічнай службы ў цэлым.
«Упэўнены, што гэты комплекс пагранічнай заставы дасць магчымасць узмацніць ахову дзяржаўнай мяжы на паўднёвым напрамку», – падсумаваў ён.
аз