Асобныя спартоўцы з Беларусі і Расіі змогуць удзельнічаць у зімовых Алімпійскіх гульнях у Мілане і Картына-д’Ампэцца ў 2026 годзе на тых жа ўмовах, што і ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў 2024-м.
Такое рашэнне прыняў Выканаўчы камітэт Міжнароднага алімпійскага камітэтa (МАК) на паседжанні ў Мілане 19 верасня, паведамляе «Свабода».
На сайце МАК паведамляецца, што на паседжанні ўлічылі досвед Алімпійскіх гульняў у Парыжы, у якіх прынялі ўдзел 32 спартоўцы з расійскім або беларускім пашпартам у 10 розных відах спорту, без нейкіх інцыдэнтаў.
Спартоўцы з Беларусі і Расіі, якія пройдуць кваліфікацыйны адбор праз міжнародныя спартовыя федэрацыі, будуць мець статус «Індывідуальных нейтральных атлетаў» (АІН). Як і астатнія спартоўцы, яны павінны будуць падпісаць Умовы ўдзелу з абавязаннем паважаць Алімпійскую хартыю, у тым ліку «мірную місію Алімпійскага руху».
Камандны ўдзел спартоўцаў з расійскім або беларускім пашпартам не будзе разглядацца.
- Спартоўцы, якія «актыўна падтрымліваюць вайну», не будуць мець права ўдзельнічаць у спаборніцтвах. Дапаможны персанал, які «актыўна падтрымлівае вайну», таксама не мае права ўдзелу ў Алімпіядзе.
- Таксама забаронены ўдзел спартоўцаў і дапаможнага персаналу, калі тыя працуюць па кантракце з расійскімі ці беларускімі вайскоўцамі альбо органамі нацыянальнай бяспекі.
- Як і ў выпадку з Алімпійскімі гульнямі 2024 года ў Парыжы, створаць адмысловую камісію, каб ацаніць правамоцнасць удзелу ў Алімпіядзе кожнага такога спартоўца і іх дапаможнага персаналу.
аз