У панядзелак, 29 верасня, Святлана і Сяргей Ціханоўскія прынялі ўдзел у дыскусіі на Варшаўскім форуме па бяспецы, паведамляе выданне «Зеркала».
Сустрэчу Ціханоўскіх мадэраваў былы міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус. У пачатку быды дыпламат адзначыў, што рады бачыць сужэнцаў разам, і пажартаваў, што дыскусійная панэль выглядае «амаль як сямейная».
Сяргей Ціханоўскі ў сваім выступленні адразу падзякаваў жонцы за яе барацьбу і падтрымку, а таксама выказаў удзячнасць ЗША і ЕС за дапамогу беларусам. Ён заявіў, што вольная Беларусь такая ж непазбежная, як і змена палітычнага рэжыму ў Маскве.
«На жаль, усё паказвае на тое, што гэта адбудзецца не хутка. І не таму, што гэтага не хоча беларускі народ, а таму, што з улікам нашага геаграфічнага становішча мы не зможам зрабіць гэта самі без дапамогі нашых саюзнікаў», — сказаў Ціханоўскі.
Ціханоўскі падкрэсліў, што цяпер ключавая задача Захаду — дапамагчы вызваліць больш за 1300 палітвязняў, якія «паміраюць у турмах».
Святлана Ціханоўская са свайго боку заявіла, што барацьба ў 2020 годзе — гэта «страчаная бітва, але не прайгранная вайна». Палітык адзначыла, што рэжым Лукашэнкі здолеў падавіць пратэсты з дапамогай жорсткасці і падтрымкі з боку Расіі, але не здолеў зламаць волю беларусаў.
Лідарка дэмакратычных сіл дадала, што Еўропа і ЗША павінны выпрацаваць сумесную стратэгію адносна Беларусі, бо цяпер іх падыходы адрозніваюцца: ЗША робяць стаўку на перамовы аб вызваленні закладнікаў, а Еўропа — на ціск.
«Санкцыі працуюць, і тое, што цяпер людзі выходзяць на волю — гэта вынік, наступства гэтага ціску», — падтрымаў меркаванне жонкі Сяргей Ціханоўскі.
эж