Беларуская Служба

Офіс Ціханоўскай сапраўды разглядае пераезд у іншую краіну. Найперш – у Польшчу

14.10.2025 19:37
Літва пастанавіла панізіць узровень аховы Святланы Ціханоўскай з 1 кастрычніка.
      -, . 22  2025 .
Святлана Ціханоўская і Франак Вячорка ў Нью-Ёрку, ЗША. 22 верасня 2025 года. Крыніца: Офіс Святланы Ціханоўскай

Зніжэнне Літвой узроўню аховы Ціханоўскай паўплывала на дзейнасці ўсяго офісу, які перайшоў на часткова дыстанцыйную працу. Праз два тыдні пасля рашэння ўсё яшчэ невядома, як дакладна можа быць зладжаная новая сістэма аховы. Офіс разглядае ў тым ліку магчымасць пераезду ў іншую краіну – запрашэнні ёсць. Але яшчэ няма дэталяў літоўскай прапановы, каб выбраць аптымальны варыянт, кажуць «Белсату» працаўнікі Офісу.

Літва пастанавіла панізіць узровень аховы Святланы Ціханоўскай з 1 кастрычніка. Пра гэта публічна паведамілі 7 кастрычніка. Мінуў яшчэ тыдзень – канчатковая пастанова датычна аховы Ціханоўскай яшчэ не прынятая. Пайшлі чуткі пра магчымы пераезд Офісу Ціханоўскай у іншую краіну.

Галоўны дарадчык Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка запэўніў, што Офіс трымае камунікацыю з адміністрацыямі прэзідэнта і прэм’ер-міністра Літвы, з літоўскімі дэпутатамі і з Міністэрствам замежных справаў.

Цяпер Офіс Ціханоўскай разглядае розныя варыянты далейшай працы – Вячорка кажа, што «ўсё магчыма». Але дадае: трэба дачакацца канчатковай пастановы Літвы і паглядзець, наколькі абароненая будзе праца Офісу.

Намесніца дырэктара Офісу Святланы Ціханоўскай Стася Гліннік пацвердзіла «Белсату», што Офіс разглядае цяпер розныя варыянты далейшай дзейнасці, у тым ліку пераезд з Літвы ў іншую краіну. Гэта, падкрэслівае яна, яшчэ нявызначанае пытанне, таму яна не можа нешта пацвярджаць ці аспрэчваць. Пастанова залежыць ад розных чыннікаў, у тым ліку фінансавага.

«У спадарыні Святланы ёсць некалькі прапановаў ад розных краінаў, дзе яна магла б мець такі ж высокі статус, як быў у Літве: гэта прэзідэнцкі ўзровень і ўзровень прэзідэнцкай аховы, – кажа Гліннік. – Адзін з такіх варыянтаў – гэта Польшча. Мне здаецца, разглядаецца ў першую чаргу Польшча, але гэта ўсё яшчэ няпэўна».

Пасля прыезду Святланы Ціханоўскай у Літву яна атрымала ад літоўскіх уладаў няспынную фізічную ахову як у Літве, гэтак і за яе межамі. Таксама Ціханоўскай быў нададзены статус афіцыйнай госці катэгорыі C. Такі статус звычайна атрымліваюць замежныя паслы, кіраўнікі прадстаўніцтваў міжнародных арганізацыяў, чальцы замежных урадаў, Еўрапейскай камісіі ды іншыя. Пры гэтым дыпламатычнага статусу і імунітэту ў Ціханоўскай няма. Крыніцы LRT заяўлялі, што ахова, жытло, аўтамабілі для суправаджэння і карыстанне VIP-тэрміналамі ў аэрапортах для Святланы Ціханоўскай каштавалі Літве каля 1 млн еўра ў год.

вс