У снежні 2023 года ў Беларусі затрымалі дырэктарку і сузаснавальніцу даследчай кампаніі Mia Research Ірыну Буйневіч. Увесь гэты час яе трымаюць пад вартай, але праваабаронцам пра гэта стала вядома толькі цяпер, паведамляе «Вясна».
Жанчыну, верагодна, абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве) і арт. 243-3 (ухіленне ад выплаты страхавых унёскаў, што прывяло да нанясення шкоды ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса.
Па стане на жнівень 2025 года, Ірына знаходзілася ў СІЗА-1 і над ёй ужо некалькі месяцаў адбываўся суд. Але невядома, ці ўжо быў вынесены прысуд.
Ірыну Буйневіч затрымалі ў снежні 2023 года. Прыкладна ў той жа час быў затрыманы і Яўген Краснянскі, якога нядаўна прысудзілі да сямі з паловай гадоў зняволення за сацыялагічнае даследаванне пра COVID-19 у Беларусі.
Раней Следчы камітэт паведамляў пра затрыманне разам з Краснянскім яшчэ дзвюх мінчанак 37 і 43 гадоў. Верагодна, гаворка ішла ў тым ліку пра Ірыну.
Паводле ведамства, жанчыны нібыта праводзілі сацыялагічнае даследаванне пра наяўнасць пераваг сярод грамадзян у развіцці краіны з дапамогай інтэграцыі з краінамі Еўрасаюза. Каб прыйсці да пажаданага выніку, жанчыны нібыта апытвалі прадстаўнікоў фокус-групы, якія маюць «загадзя негатыўнае стаўленне да наяўнай у дзяржаве палітычнай сістэмы і канстытуцыйнага ладу».
Паводле ведамства, супраць фігурантаў справы былі выстаўленыя абвінавачванні паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве) і арт. 243-3 КК (ухіленне ад выплаты страхавых унёскаў, што прывяло да нанясення шкоды ў асабліва буйным памеры).
Па інфармацыі праваабаронцаў, у жніўні гэтага года жанчына яшчэ знаходзілася ў СІЗА-1 і па яе справе прайшло шмат судовых пасяджэнняў. Невядома, ці ўжо агучылі прысуд. Таксама «Вясне» вядома, што крымінальная справа была ўзбуджаная за сацыялагічнае даследаванне, якое праводзіла кампанія, у якой Ірына працавала да заснавання Mia Research.
Вядома, што сведкай па справе праходзіла калега Ірыны. Жанчына ў зняволенні трымаецца добра, вывучае кітайскую мову.
аз