Аб гэтым ён заявіў 16 кастрычніка на нарадзе аб праектах прагнозных дакументаў на 2026-й, паведамляе прэс-служба палітыка.
Палітык нагадаў, што сёлета завяршаецца рэалізацыя шостай пяцігадовай праграмы. І да канца 2025-га трэба прыкласці неймаверныя намаганні, каб выканаць усе даведзеныя параметры.
«Пакуль карціна неадназначная, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. – З аднаго боку, ёсць відавочны вынік: стабільна растуць рэальны заробак, агульныя даходы насельніцтва. Двойчы ў гэтым годзе ўдалося падняць пенсіі. У нас моцная нацыянальная валюта. Рэкордна павялічваюцца золатавалютныя рэзервы».
«З іншага боку, ёсць бягучы спад у шэрагу традыцыйных галін. Тры з пяці важнейшых параметраў прагнозу на гэты год не выконваюцца (пакуль), – прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. – Валавы ўнутраны прадукт павялічыўся менш чым на 2% за 8 месяцаў».
Па выніках 2025 года чыноўнікі раней планавалі рост ВУП на 4,1%. Пры гэтым у студзені – жніўні гэтага года ён павялічыўся на 1,6% да аналагічнага перыяду 2024-га.
Раней чыноўнікі агучылі праблемы, якія ёсць у эканоміцы, – ад скачка цэн да цяжкасцяў са збытам беларускіх тавараў у Расіі. Аляксандр Лукашэнка 8 верасня заявіў, што самая вялікая праблема сёння для Беларусі – знайсці новыя рынкі збыту для айчыннай прадукцыі, якую не ўдаецца рэалізаваць «з-за пэўных, аб'ектыўных прычын» у Расіі.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка 15 кастрычніка абмеркаваў з прэмʼерам Аляксандрам Турчыным праблемы ў прамысловасці – зніжэнні вытворчасці і пастаўках тавараў за мяжу.
Тым часам Міжнародны валютны фонд перагледзеў свой прагноз па сітуацыі ў эканоміцы Беларусі. У параўнанні з папярэднім аналізам яго чаканні пагоршыліся.
Сусветны банк таксама знізіў прагноз па беларускай эканоміцы – ён чакае, што ВУП краіны ў 2025-м вырасце на 1,9%, а ў 2026-м – на 1,3%. Гэтая адзнака ніжэйшая за чэрвеньскую – тады чакалася, што ВУП краіны павялічыцца на 2,2 і 1,2% адпаведна.
Люстэрка/ав