Пасля нараканняў Аляксандра Лукашэнкі на кліентаў АЗС, якія карыстаюцца там паслугамі грамадскага харчавання і займаюць месцы аўтамабілямі, па ўсёй краіне пройдуць рэйды ДАІ для маніторынгу аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу і гарантавання бяспекі руху, паведамілі ў МУС.
Атрымаўшы даручэнне Лукашэнкі «навесці парадак з транспартнымі сродкамі, якія ствараюць перашкоды для руху на аўтазаправачных станцыях», міністр унутраных справаў Іван Кубракоў правёў нараду з начальнікамі абласных УУС і ГУУС Мінгарвыканкама.
«Іван Уладзіміравіч паставіў задачу Дзяржаўтаінспекцыі ажыццяўляць пастаянны кантроль за сітуацыяй, якая складваецца на АЗС, у тым ліку з выкарыстаннем рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі, і аператыўна прымаць меры рэагавання», – паведамілі ў міністэрстве.
На ўказанне Кубракова па ўсёй краіне створаныя рэйдавыя групы з супрацоўнікаў МГБ (міліцыі грамадскай бяспекі) для маніторынгу аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу і гарантавання бяспекі руху.
Акрамя таго, з кіраўніцтвам аўтазаправак «праведзеныя прафілактычныя гутаркі пра неабходнасць мер бяспекі для наведнікаў, а таксама размежавання дзейнасці па рэалізацыі паліва і продажы спадарожных тавараў, прадуктаў харчавання», дадалі ў МУС.
Нагадаем, на нарадзе па эканамічных прагнозах 16 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка абурыўся, што беларусы п’юць каву ў кавярнях на запраўках, заняўшы месцы сваімі аўтамабілямі, і ў выніку «ніхто праехаць не можа».
Ён заявіў, што ў свой час людзі «літаральна патрабавалі» ў яго асабіста, каб на кожнай запраўцы былі спадарожныя тавары і магчымасць, напрыклад, папіць кавы.
– Машыну паставілі. «Прэзідэнт, прыйдзі, навядзі парадак!» Вы што там, павар’яцелі? Вы прасілі? Прасілі. Я прыняў рашэнне – на кожнай запраўцы павінны быць спадарожныя тавары і кавачка. «Сёння не можам пад’ехаць, заправіцца, бо не там аўтамабілі стаяць», – папракнуў палітык беларусаў.
Ён перадаў праз дзяржсакратара Савета бяспекі Аляксандра Вальфовіча распараджэнне кіраўніку МУС разабрацца ў гэтым пытанні: «Даручыце Кубракову, каб ён там да панядзелка навёў жалезны парадак».
Люстэрка/ав