Беларуская Служба

Кардынал Гуджэроці прыедзе ў Беларусь на наступным тыдні, ён вядомы ўдзелам у дыпламатычных перамовах з рэжымам

17.10.2025 12:02
16 кастрычніка пасол у Ватыкане Юрый Амбразевіч сустрэўся з прэфектам Дыкастэрыі па справах Усходніх цэркваў кардыналам Клаўдыа Гуджэроці. 
        .
Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх цэркваў кардынал Клаўдыа Гуджэроці.katolik.life

Бакі абмеркавалі актуальныя пытанні ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Святым Пасадам па напрамках, што знаходзяцца ў кампетэнцыі кардынала Гуджэроці, паведамляе прэс-служба МЗС. 

На наступным тыдні кардынал наведае Беларусь для ўдзелу ў урачыстых мерапрыемствах, прымеркаваных да 100‑годдзя Пінскай епархіі.

Клаўдыа Гуджэроці добра вядомы беларускім вернікам, бо з 2011 па 2015 год быў апостальскім нунцыем у Беларусі, нагадвае «Наша ніва».

У верасні 2012 года Клаўдыа Гуджэроці наведаў турмы, дзе ўтрымліваліся беларускія палітычныя зняволеныя. 

Ён тады наведаў некалькі пенітэнцыярных устаноў, дзе асабіста перадаў вітанні і духоўную падтрымку палітвязням ад Папы Бенедыкта XVI. Сярод іх былі, напрыклад, Алесь Бяляцкі, Зміцер Дашкевіч, Павел Севярынец.

Таксама Клаўдыа Гуджэроці спрычыніўся да вяртання ў краіну Тадэвуша Кандрусевіча, якога ўлады ў 2020 годзе не пускалі назад.

Нунцый Гуджэроці неаднаразова маліўся на Дзяды ў Курапатах, а калі быў нунцыем у Вялікабрытаніі, перыядычна наведваў Беларускую бібліятэку імя Скарыны ў Лондане.

вх