У вёсцы Гарадзішча пад Мінскам бабры масава знішчаюць зялёныя насаджэнні. Мясцовыя жыхары абараняюць дрэвы металічнымі сеткамі, а ўлады стварылі брыгаду для адлову жывёл, паведамляе Хартыя'97 са спасылкай на «Беларусь 1».
Вёска Гарадзішча знаходзіцца ўсяго за 20 кіламетраў ад Мінска. Там цяпер ідзе маштабнае будаўніцтва — але не людзьмі, а бабрамі. Жывёлы літаральна заблакавалі населены пункт сваімі плацінамі.
Адзін з мясцовых жыхароў, Антон Кальчэўскі, падлічыў страты: дзевяць бяроз, пяць дубоў і 29 елак.
«Адзіная наша абарона — сетка. Гэта і зручна, і практычна, і адносна нядорага», — кажа ён.
Па начах бабры выходзяць з вады і абгрызаюць кару маладых дрэўцаў на прысядзібных участках. Плаціны і норы жывёл знаходзяцца проста насупраць вёскі — іх там некалькі дзясяткаў. Староста вёскі Уладзімір Скарабагацкі паведаміў, што для дапамогі жыхарам арганізавана спецыяльная брыгада.
«Спецыялісты ведаюць, як змагацца з бабрамі. Яны займаюцца адловам», — сказаў ён.
Па магчымасці, злоўленых жывёл стараюцца выпускаць у іншыя вадаёмы.
Жыхары Мінска таксама дзеляцца відэа сустрэч з бабрамі, якія ўсё часцей з’яўляюцца ў межах горада. Каб абараніць насаджэнні ўздоўж Свіслачы, супрацоўнікі «Зеленбуда» агароджваюць ствалы дрэў спецыяльнай сеткай-рабіцай.
«Наносіцца шкода аб’ектам расліннага свету, а таксама парушаецца эстэтычны выгляд зялёных насаджэнняў. Сетка — гэта звычайная рабіца, якая абараняе ствол. Пры пашкоджанні сетак адбываецца іх замена», — паведаміла намесніца дырэктара «Зеленбуда Цэнтральнага раёна Мінска» Кацярына Ганчар.
Маніторынг праводзіцца ў Ленінскім і Цэнтральным раёнах сталіцы. Аб’езд тэрыторый запланаваны і на гэты сезон, бо, паводле спецыялістаў, колькасць баброў у межах горада неабходна рэгуляваць.
Па ўсёй Беларусі зафіксавана больш за 55 тысяч асобін баброў — у некалькі разоў больш, чым дзесяць гадоў таму.
«Бабёр цяпер максімальна асвоіў усю тэрыторыю, прыдатную для жыцця. І для далейшага расселення ўжо выкарыстоўвае населеныя пункты. Гэта незвычайныя для яго месцы, але з-за недахопу іншых ён вымушаны іх выбіраць. Безумоўна, неабходна рэгуляваць яго колькасць», — кажа Павел Велігураў, старэйшы навуковы супрацоўнік Цэнтра па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук.
Ён папярэджвае: баяцца сустрэчы з бабром не варта, але лепш абыходзіць яго бокам. Як і многія млекакормячыя, бабры могуць пераносіць шаленства.
«Не трэба перагараджаць бабру дарогу да вадаёма. Проста адыдзіце ўбок — ён сам убачыць чалавека і ўцячэ», — раіць вучоны.
нг