У сераду ноччу рашэннем камандуючага Дзяржаўнай памежнай службы Літвы Рустама Любаева часова прыпынены прапуск асоб і транспартных сродкаў на абодвух наземных пунктах пропуску на мяжы з Беларуссю – Медынінкай і Шальчынкай (з беларускага боку – Каменны Лог і Беняконі), гаворыцца ў паведамленні Памежнай службы Літвы.
Гэтае рашэнне было прынята ў сувязі з метэазондамі, запушчанымі з Беларусі ў Літву ўначы. З вечара з-за іх быў закрыты аэрапорт Вільні. З-за закрыцця Віленскага аэрапорта было адменена каля трыццаці рэйсаў. Самалёты, якія павінны былі прызямліцца ў сталіцы Літвы, былі перанакіраваны ў іншыя аэрапорты, у тым ліку ў Каўнас і Варшаву.
Папярэднія дадзеныя паказваюць, што некалькі дзясяткаў метэазондаў з кантрабандай увайшлі ў паветраную прастору Літвы. На працягу ночы ўлады выявілі пяць з іх. Адзін чалавек быў затрыманы ў сувязі з інцыдэнтам, і ў яго было знойдзена сем тысяч пачкаў цыгарэт.
Што тычыцца памежных пераходаў, то ў гэты час сутак рух і патокі праз абодва вышэйзгаданыя пункты пропуску мінімальныя. Ніякіх асаблівых падзей або інцыдэнтаў, звязаных з закрыццём пунктаў пропуску не было да раніцы серады.
Дарадца прэзідэнта Літвы заявіў, што мяжа з Беларуссю можа быць закрытая на больш працяглы тэрмін праз прылёт метэазондаў.
«Мяркую, нашыя службы павінны дзейнічаць значна больш жорстка ў камунікацыі з беларускімі ўладамі, каб належным чынам растлумачыць, што, калі падобнае паўторыцца, магчыма, мы ўвогуле закрыем мяжу на больш працяглы тэрмін», — заявіў галоўны дарадца прэзідэнта Літвы Дэйвідас Матулёніс.
22 кастрычніка адбудзецца пасяджэнне Камісіі па нацыянальнай бяспецы, на якім будуць разгледжаныя магчымыя меры ў адказ на прылёт метэазондаў.
вх