Беларуская Служба

Урад Літвы вырашыў адкрыць мяжу з Беларуссю

19.11.2025 15:20
Рух праз гэтыя пункты пропуску аднавіцца з 20 лістапада апоўначы.
Сцяг Літвыjorono/pixabay.com/CC0 Public Domain

Падчас паседжання, якое адбылося ў сераду, Кабінет Міністраў Літвы прыняў рашэнне адкрыць раней за планавую дату два памежныя пункты пропуску з Беларуссю, якія былі зачыненыя ў канцы кастрычніка, паведаміла delfi.lt.

«Улічваючы рашэнні, прынятыя Камісіяй па нацыянальнай бяспецы 18 лістапада гэтага года, аб тым, што абставіны змяніліся і абмежаванні на перасячэнне дзяржаўнай мяжы, устаноўленыя 29 кастрычніка 2025 года (…), больш не патрэбныя, у мэтах забеспячэння ўнутранай бяспекі мэтазгодна адмяніць абмежаванні, устаноўленыя вышэйзгаданай пастановай (…)», – заявіў на пасяджэнні міністр унутраных спраў Уладзіслаў Кандратовіч.

Рух праз гэтыя пункты пропуску аднавіцца з 20 лістапада апоўначы.

«Мы ведаем, што ў беларускага боку ёсць усе інструменты для кантролю над такой незаконнай дзейнасцю на сваёй тэрыторыі, і спадзяемся, што ўраду не давядзецца паўтараць падобныя рашэнні. Аднак магу запэўніць вас, што ў будучыні мы зробім усё магчымае, каб абараніць бяспеку нашых людзей і інтарэсы краіны», – заявіла прэм'ер-міністр Інга Ругінене.

У кастрычніку некалькі разоў з-за залёту метэазондаў з кантрабандай з Беларусі была парушаная праца літоўскіх аэрапортаў. Улічваючы сітуацыю, урад вырашыў закрыць на месяц, то бок да поўначы 30 лістапада, апошнія дзейныя памежныя пункты пропуску з Беларуссю – Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).

аз

Сёння ўрад Літвы прыме рашэнне аб адкрыцці мяжы з Беларуссю

19.11.2025 09:44
Літва пакідае за сабой права не адкрываць памежных пераходаў наогул або закрыць іх у любы момант, калі яны будуць адкрытыя - прэм'ер-міністр.