Як паведамляе «Наша Ніва», сілавікі затрымалі генеральнага дырэктара асацыяцыі «Інфапарк» Уладзіміра Басько. Апошні раз ён з’яўляўся анлайн на пачатку лістапада. Публічна — у сярэдзіне кастрычніка на форуме «БанкІТ — 2025».
Паводле крыніц, затрыманне можа быць звязана са справай «Софтклуба». Дакладных прэтэнзій да Басько пакуль няма.
Уладзімір Басько — адна з ключавых постацяў беларускага ІТ. Ён стаяў ля вытокаў «Інфапарка» і ўдзельнічаў у стварэнні Парка высокіх тэхналогій, прадстаўляючы інтарэсы галіны перад дзяржавай. У 2023 годзе яго ўключылі ў дзяржаўную Камісію па вяртанні, якая павінна разглядаць пакаянні тых, хто выехаў з краіны праз рэпрэсіі.
Памятнай стала яго размова з Лукашэнкам у 2021 годзе, калі Басько асцярожна намякнуў пра магчымы зыход кіраўніка дзяржавы з пасады. Лукашэнка рэзка адрэагаваў.
Справа «Софтклуба» разгарнулася ў канцы кастрычніка. Сілавікі затрымалі кіраўніка кампаніі Уладзіміра Сіротку, а таксама шэраг банкаўскіх менеджараў. Іх падазраюць ва ўхіленні ад падаткаў і карупцыйных схемах пры закупках ІТ-рашэнняў.