Беларуская Служба

Беларускія НПЗ два гады працуюць у мінус

01.12.2025 14:12
Па выніках чацвёртага квартала Мазырскі і Наваполацкі заводы могуць вярнуцца да працы з прыбыткам з-за праблем расійскіх нафтавікоў.
  .
НПЗ у Мазыры.Фота: Shutterstock.com / Ilya Kuzniatsou

Беларускія НПЗ два гады працавалі на страту нават з ільготнай расійскай нафтай. Вярнуцца да прыбытку яны змогуць толькі цяпер, піша planbmedia.io.

Сутыкнуўшыся з дэфіцытам бензіну з-за нападаў украінскіх дронаў, расійскія ўлады нарэшце папрасілі саюзніка аб дапамозе.

Спачатку гаворка ішла пра пастаўкі 300 тысяч тон бензіну ў год. Потым Масква скараціла патрабаванні. У верасні Беларусь прадала ў Расію 45 тысяч тон бензіну, а ў кастрычніку - 36 тысяч.

«Давальніцкая нафта пачала перапрацоўвацца на нашых двух нафтаперапрацоўчых заводах, нафтапрадукты паступаюць назад у Расію, нешта прадаецца на экспартных рынках, нешта спажываецца ў нас», - сказаў Круты ў інтэрв'ю беларускаму тэлебачанню.

Скарыстаўшыся праблемамі саюзніка, Лукашэнка выгандляваў сабе такія ўмовы паставак, якія дазваляюць беларускім НПЗ працаваць з сярэдняй па краіне рэнтабельнасцю ў 7-8 працэнтаў. Яшчэ нядаўна рэнтабельнасць у іх была глыбока адмоўнай.

Страты пачаліся пасля заканчэння ў Расіі падатковага манеўру. «Нафтан» у пачатку 2024 года страціў 324 мільёны рублёў, Мазырскі НПЗ таксама прызналі стратным. Каб зменшыць мінус, Беларусь была вымушана зніжаць перапрацоўку.

У пачатку года Мазырскі НПЗ перапрацоўваў у месяц 22 тысячы тон пры магутнасці трыццаць тысяч. Зніжэнне аб'ёмаў нафтаперапрацоўкі падкасіла не толькі эканоміку цэлых рэгіёнаў. Яно яшчэ і падарвала беларускі экспарт.

Крыніца: Plan B/юл