Генеральная пракуратура накіравала ў Вярхоўны суд крымінальную справу ў дачыненні да былога афіцэра СС і ахоўнай паліцыі Ганса Ойгена Зіглінга, які абвінавачваецца ў генацыдзе беларускага народа, паведамілі ў прэс-службе ведамства.
Ганс Зіглінг – ураджэнец Германскай Імперыі 1912 года нараджэння, ён памёр пасля 14 снежня 1978 года на тэрыторыі ФРГ. Яго справа выдзелена ў спецыяльную вытворчасць.
Па матэрыялах пракуратуры, Зіглінг, камандуючы ўкраінскай паліцэйскай ротай, а затым створаным на яе аснове 57-м батальёнам ахоўнай паліцыі, удзельнічаў у рэалізацыі карнай палітыкі нацысцкай Германіі ў акупаванай Беларусі. Ён выконваў і арганізоўваў злачынныя загады кіраўніцтва, непасрэдна кіраваў правядзеннем карных аперацый і акцый супраць мірнага насельніцтва.
Пракуратура ўстанавіла, што пад кіраўніцтвам Зіглінга поўнасцю або часткова знішчаны 11 сельскіх населеных пунктаў. Дзейнічаючы з матываў нацыянальнай і ідэалагічнай нянавісці, як асабіста, так і разам з падначаленымі, ён датычны да забойства не менш за 1706 чалавек. Сярод загінулых – не менш за 238 дзяцей, а таксама састарэлыя і бездапаможныя людзі. Метады забойстваў уключалі масавыя расстрэлы з агнястрэльнай зброі і павешанні.
Акрамя таго, Зіглінг замахваўся на забойства яшчэ як мінімум 30 чалавек, аднак давесці злачынствы да канца не змог па незалежных ад яго прычынах. Шэраг пацярпелых атрымалі цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці.
«Падчас расследаванняў следчая група Генеральнай пракуратуры сабрала неабвержныя доказы ўдзелу афіцэра ў знішчэнні мірнага насельніцтва БССР. Матэрыялы справы ўключаюць 22 тамы дакументаў, паказанняў сведак і архіўных дадзеных», – распавялі ў пракуратуры.
Гэта шостая крымінальная справа ў гісторыі Беларусі, накіраваная ў суд у дачыненні да нацысцкага злачынца, які абвінавачваецца ў генацыдзе беларускага народа.
Люстэрка/ав