Беларуская Служба

З Мінска хочуць запусціць авіярэйсы яшчэ ў шэсць расійскіх гарадоў. Куды?

04.12.2025 18:16
Транспартныя зносіны паміж Беларуссю і Расіяй рыхтуюцца да пашырэння як у паветры, так і на зямлі. Пра гэта расказаў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Дзмітрый Круты на пасяджэнні Групы высокага ўзроўню Саўміна Саюзнай дзяржавы.
Boeing 737-800
Boeing 737-800 авіякампаніі «Белавія»фота: авіякампанія «Белавія»

Па словах Крутога, якія прыводзіць БелТА, бакі плануюць далейшае пашырэнне палётаў, у тым ліку паміж абласнымі гарадамі Беларусі і рэгіёнамі Расіі. У бліжэйшай перспектыве ідзе актыўная работа па адкрыцці новых рэйсаў з Мінска ў Краснадар, Уладзікаўказ, Валгаград, Омск, Цюмень і Растоў-на-Доне.

Чыгунка таксама пашырае маршруты. Ужо з 15 снежня трэцяя пара высакахуткасных цягнікоў «Ластаўка» паміж Масквой і Мінскам пяройдзе на штодзённы рэжым курсіравання замест графіка толькі па выхадных і святах.

Пры гэтым памер цягнікоў павялічыцца з 5 да 10 вагонаў, што дасць магчымасць дадаткова перавозіць да 30 тыс. пасажыраў штомесяц. Таксама пастаўлена задача са студзеня 2026 года забяспечыць прамыя чыгуначныя зносіны па даўно анансаваных маршрутах Віцебск – Смаленск і Орша – Смаленск.

Беларускі бок разлічвае на больш хуткае падпісанне дарожнай карты па будаўніцтве высакахуткаснай чыгуначнай магістралі Масква – Мінск. Дзмітрый Круты зрабіў акцэнт на значнасці гэтага праекта, заявіўшы, што ў сумесным парадку дня ён будзе супастаўны з будаўніцтвам БелАЭС.

Як зазначыў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта, за дзесяць месяцаў 2025 года вываз беларускіх тавараў чыгуначным транспартам праз расійскія парты вырас на 3,7%, дасягнуўшы 13,5 млн тон. Па выніках года чакаецца лічба 16 млн тон.

вх